Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 кастрычніка 2019, 12:38

Лукашэнка: НАТА павінна дзякаваць за тое, што яму "падарылі" Украіну

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. НАТА павінна дзякаваць за тое, што яму "падарылі" Украіну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Усход і Захад процістаяць адзін аднаму яшчэ з часоў Савецкага Саюза, асабліва ў ваеннай сферы. Гэта процістаянне прывяло да падзей ва Украіне. "Сёння мы Украіну проста "падарылі" сваім сапернікам. Ну, што не так? Сваімі рукамі аддалі Украіну. За гэта амерыканцы і НАТА павінны нам проста дзякаваць, што яны, напэўна, і робяць, размаўляючы паміж сабой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння канфлікт ва Украіне яшчэ можна вырашыць, "таму што дыягназ устаноўлены". "Як вырашыць хваробу, таксама нібыта ведаем, толькі трэба пачынаць яе лячыць. Цяперашняя ўлада ва Украіне, Прэзідэнт - ён, вядома ж, не ўсёмагутны. Яму ні ўнутры, ні звонку ніхто не дасць зрабіць тое, што ён хоча. Я пераканаўся ў тым, што ён хоча вырашыць гэту праблему", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне ўзброенага канфлікту ў Данбасе - гэта не галоўнае. "Галоўнае ў тым, якую "спадчыну" ён (Прэзідэнт Украіны. - Заўвага БЕЛТА) атрымаў з пункту гледжання эканомікі і грамадства, якое там сёння склалася. Там столькі ліній размежавання, што Прэзідэнту аднаму з гэтым не справіцца, тым больш не маючы тых паўнамоцтваў, якія маюць прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана і гэтак далей", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі ЗША не падключацца да вырашэння гэтай праблемы, то нават Еўропа не будзе ў сілах дапамагчы Украіне. Хоць Еўрасаюз, выказаў меркаванне Прэзідэнт, і сам у гэтым не асабліва зацікаўлены. "Трэба сабрацца, пагаварыць, падкарэкціраваць планы. І трэба дзейнічаць. Але, напэўна, "вялікім" не хочацца", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасля перагавораў з Уладзімірам Зяленскім пераканаўся: украінская ўлада разумее, як вырашыць канфлікт у сваёй краіне. "Калі Расія і Еўрасаюз (хаця б яны на першым этапе, яшчэ Амерыка падключыцца) дапамогуць вырашыць гэты канфлікт, захаваць цэласнасць і незалежнасць Украіны, гэта праблема будзе вырашана", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі мы страцім няхай нявопытнага, маладога Зяленскага і гэту ўладу ва Украіне (а гэта цалкам можа здарыцца, таму што вельмі вялікае супраціўленне ўнутры Украіны і звонку), узамен атрымаем такую ўладу, з якой наогул цяжка будзе размаўляць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, выступаючы на пленарнай сесіі "У пошуках парадку дня міру і супрацоўніцтва для Еўропы", Прэзідэнт Беларусі адзначыў некаторы прагрэс у вырашэнні канфлікту ва Украіне, але разам з тым заклікаў краіны Еўропы прымаць больш актыўныя і дзейсныя меры, каб спыніць вайну ў суседняй краіне.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што здольнасць урэгуляваць канфлікт ва Украіне - важны тэст для краін Еўропы. "Гэта лакмусавая паперка. Калі мы можам нешта, давайце ў нашым доме разбяромся і вырашым гэту праблему. Украінскі канфлікт - гэта не проста нам выклік, ён патрабуе вырашэння. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на нешта здольныя. Калі не - будзем збірацца, размаўляць, - сказаў Прэзідэнт. - Але толку будзе мала".

Ён нагадаў, што нядаўна наведаў Жытомір, дзе праходзіў чарговы беларуска-ўкраінскі форум рэгіёнаў. "З Прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім мы мелі грунтоўную размову па шырокім коле тэм. Я адчуў, што Прэзідэнт Украіны - чалавек сапраўдны, моцны, патрыёт сваёй радзімы. Нармальны, пры свядомасці палітык, які хоча вырашыць гэту еўрапейскую праблему, якая дасталася яму ў спадчыну. Ён гатовы да цяжкіх рашэнняў для дасягнення міру. І мы яго ў гэтым падтрымліваем", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі