Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 кастрычніка 2022, 14:18

Лукашэнка: НАТА і шэраг краін Еўропы разглядаюць варыянты магчымай агрэсіі супраць Беларусі

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. НАТА і шэраг краін Еўропы разглядаюць варыянты магчымай агрэсіі супраць Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як мы з вамі і дамаўляліся ў Цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны, што мы збяромся і яшчэ раз абмяркуем вашы прапановы, якія датычацца сферы нашай бяспекі. Нам трэба вызначыць, што яшчэ неабходна зрабіць для ўмацавання бяспекі нашай дзяржавы з улікам хутка зменлівай абстаноўкі. Сітуацыя вакол Беларусі, мы ўжо канстатавалі, застаецца напружанай. Тым больш на Захадзе насаджваецца думка аб тым, што беларуская армія ўступіць у спецыяльную ваенную аперацыю на тэрыторыі Украіны непасрэдна", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Паддаўшыся гэтым укідам, ваенна-палітычнае кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага альянсу і шэрага еўрапейскіх краін ужо адкрыта разглядае варыянты магчымай агрэсіі супраць нашай краіны аж да нанясення ядзернага ўдару. Для нас гэта не навіна. Я вас папярэджваў даўно аб тым, што іх мэта сёння не ў тым, каб мы не ваявалі на баку Расіі непасрэдна ва Украіне, каб, не дай бог, ядзерны ўдар не нанеслі і іншае. Не гэта галоўнае. Галоўная мэта - яна застаецца з даўніх часоў - уцягнуць нас у вайну і заадно разабрацца з Расіяй і Беларуссю", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Польшча "ну проста трапеча" - просіць амерыканцаў, каб яны неадкладна завезлі ядзерную зброю і размясцілі ў Польшчы. У тым ліку і з ядзерных арсеналаў у Германіі.

"Мы нядаўна канстатавалі, што палякі, абараняючы граніцу з Беларуссю, прыцягвалі ўзброеныя сілы. Потым яны ўзброеныя сілы ад граніцы адвялі. Часткова. Але паказалі нам, што яны сыходзяць. Нічога падобнага. Яны адвялі да сотні кіламетраў войскі ад граніцы, насычаюць іх зброяй натаўскіх узораў. Усё савецкае і што ў іх польскае сплавілі ва Украіну - утылізавалі. А пераўзбройваюцца самай сучаснай зброяй. І што такое назад падысці да граніцы Беларусі? Паўночы - і яны будуць там. Мы гэта бачым. Таму гэта нас не павінна супакойваць. Калі трэба, у момант "Ч", як ваенныя кажуць, яны перакінуць свае войскі на працягу двух-трох гадзін зноў на граніцу", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Злучаныя Штаты і краіны Еўрасаюза ў існуючых умовах заяўляюць, што будуць легалізоўваць беларускіх нашых збеглых. "Як палітычную сілу. Істотна нарасціць падтрымку дэструктыўных элементаў плануюць, абвастрыць абстаноўку на заходняй граніцы аж да адкрыцця другога фронту", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваёй фразе, якую ён сказаў яшчэ ў пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, што Беларусь не дазволіць страляць у спіну рускім. Размова якраз ішла пра абстаноўку ўздоўж заходняй граніцы. "Гэта вобразна было сказана. Але я тады бачыў, што самы небяспечны напрамак - гэта заходні. І калі б мы яго агалілі, мы ўжо сёння стаялі б на парозе вайны. Але мы пакінулі там узброеныя сілы. Больш таго, мы ўмацавалі заходні напрамак", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі лічыць усе падзеі, якія адбываюцца, паслядоўным працягам націску на Беларусь. У 2020 годзе ўсё пачыналася са спробы арганізацыі каляровай рэвалюцыі і бліцкрыгу. Калі гэта не атрымалася, пачалі другі этап - эканамічнае ўдушэнне і інфармацыйны націск. Аднак і гэта не дало чаканых вынікаў. "Што застаецца? Застаецца адзіны спосаб - сілавое вырашэнне пытання - праз дыверсіі, правакацыі, што прывядзе да дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне. Гэта іх планы. А затым, калі атрымаецца, навязаць ваенныя дзеянні. Гэта вельмі актуальна на сучасным этапе", - адзначыў беларускі лідар.

У гэтым плане ў Польшчы, Літве, Украіне была пачата падрыхтоўка баевікоў з ліку беларускіх радыкалаў для правядзення дыверсій, тэрактаў і арганізацыі ваеннага мяцяжу ў Беларусі. І гэта набывае ўзровень непасрэднай пагрозы.

"А ўлічваючы жаданне кіраўніцтва Польшчы пабразгаць нават ядзернай зброяй, то гэта ўжо не пагроза. Гэта небяспека абараназдольнасці нашай краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некалькі дзён таму КДБ было даручана правесці неабходныя мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару. "Сёння паслухаем, як гэта даручэнне выконваецца. Улічваючы ўсе гэтыя фактары, у цэлым існуючую абстаноўку, нам неабходна мець варыянты процідзеяння. У тым ліку і ваенныя. Каб своечасова выявіць і лакалізаваць пагрозы, а ў выпадку неабходнасці адэкватна адказаць на любыя ваенныя праявы супраць Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі