Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 лютага 2020, 16:35

Лукашэнка накіраваў спачуванне ў сувязі са смерцю рэжысёра Барыса Луцэнкі

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага артыста Беларусі рэжысёра Барыса Луцэнкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Барыс Луцэнка быў выдатным рэжысёрам і цудоўным чалавекам. "Сваё жыццё Барыс Іванавіч прысвяціў мастацтву, аддаў яму ўсе душэўныя сілы, іскрамётны талент і невычэрпнае натхненне. Яго работы сталі неад'емнай часткай гісторыі беларускага тэатра і кіно, а творчая і педагагічная дзейнасць - узорам сапраўднага гуманізму і прафесійнага майстэрства, прыкладам служэння высокім ідэалам нацыянальнай культуры", - гаворыцца ў спачуванні.

Барыс Луцэнка нарадзіўся ў 1937 годзе ў горадзе Майкоп (Адыгея, Расія). Шлях у прафесійнае мастацтва аднаго з лепшых рэжысёраў Беларусі пачынаўся з кінематографа, з эпізадычнай ролі ў фільме "У акопах Сталінграда". Тады Барыс Іванавіч вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме ў Растове-на-Доне. Недалёка ад тэхнікума ў Доме культуры быў народны тэатр, дзе Луцэнка атрымаў галоўную ролю ў спектаклі "Дарослыя дзеці". Так адбылося, што спектакль паглядзеў асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка фільма "У акопах Сталінграда" Аляксандра Іванова. І праз тыдзень ужо малады акцёр быў зацверджаны на эпізадычную кінаролю афіцэра.

У 1967 годзе Барыс Іванавіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэжысёрам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага (1973-1981). З 1982 па 1991 год быў галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра, з'яўляўся мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага (1991-2008). З 2008 года - рэжысёр-пастаноўшчык драмтэатра імя М.Горкага.

Барыс Іванавіч Луцэнка паставіў больш за 100 спектакляў у тэатрах Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Германіі, Швейцарыі. Сярод лепшых пастановак: у тэатры імя Янкі Купалы - "Традыцыйны збор", у Рускім тэатры - "Макбет" і "Гамлет". На кінастудыі "Беларусьфільм" зняў фільм "Раскіданае гняздо", тэлеспектаклі "Зацюканы апостал", "Вяртанне ў Хатынь". Паставіў оперны спектакль "Кавалер руж" Р.Штрауса на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра. За свой талент і бязмежную любоў да тэатра Барыс Луцэнка ў 1997 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У тым жа годзе стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі