21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Найбольш таленавітыя і перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваны на Радзіме. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з важных пытанняў нарады датычылася падыходаў да атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступлення ў ВНУ. Наконт гэтага, як расказаў Прэзідэнт, было праведзена шмат сацыялагічных апытанняў сярод усіх удзельнікаў працэсу паступлення (абітурыентаў, бацькоў, педагогаў) на прадмет іх бачання таго, як арганізаваць навучанне ў сярэдняй і вышэйшай школе.

"Скажу адкрыта, што я прыняў прапановы Мінадукацыі аб змяненні парадку паступлення ў ВНУ (мы гэта прайшлі ў гэтым годзе) з той умовай, што мы яшчэ раз вернемся да гэтага пытання. Калі камісія па кантролі за ходам уступнай кампаніі прадставіць сваё заключэнне, іншыя кантралёры выкажуцца, а таксама педагогі скажуць аб вартасцях і, можа, недапрацоўках, якія мелі месца. Я на гэта вельмі разлічваю, таму запрасілі такое шырокае кола выкладчыкаў і настаўнікаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Хачу пачуць прынцыповую ацэнку новай сістэмы паступлення. Ці дазволіла яна ўбачыць кожнага абітурыента, забяспечыць справядлівае стаўленне да іх і стварыць роўныя ўмовы і магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах? - прадоўжыў ён. - Пытанне пытанняў".
Аляксандр Лукашэнка таксама спытаў, ці будуць, акрамя гэтых новаўвядзенняў, яшчэ нейкія прапановы ў спецыялістаў і педагогаў, каб палепшыць існуючы парадак.
"Тут і цяпер мы павінны вызначыць механізм работы сярэдняй школы і ВНУ на перспектыву і вырашыць галоўную задачу - забяспечыць нашай моладзі ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне. Падкрэслю: найбольш таленавітыя, перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваны ў нас, на Радзіме. Гэта маё жалезнае правіла", - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён згадаў пра нядаўняе наведванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: "Я яшчэ раз пераканаўся: разумнай моладзі ў нас, якая любіць Беларусь, сапраўды шмат. Трэба проста яе падтрымаць, паказаць перспектыву самарэалізацыі і кар'ернага росту. Калі гаварыць проста, накіраваць на шлях правільны". Калі ж адбываецца інакш і нехта сыходзіць з гэтага шляху, то адказнасць ляжыць у значнай ступені на тых дарослых, якія побач, лічыць Прэзідэнт. "Усе памылкі ў гэтым плане - ад нас, мы вінаватыя, не дзеці, - упэўнены ён. - Або ў некага з нас мазгі не туды павернуты і яго заносіць на паваротах".
"Таму давайце пачынаць з сябе. Але ніякіх кардынальных рашэнняў пасля нашай сённяшняй сустрэчы быць не павінна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што настаўнікі, выкладчыкі, вучні стаміліся ад таго, што мы ўвесь час рэвалюцыйным чынам спрабуем удасканаліць сістэму адукацыі. Пара заканчваць з гэтым".-0-
