
28 красавіка, Ветка /Кар. БЕЛТА/. Задача мясцовых органаў улады - стварэнне дастойных умоў для жыцця людзей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ваша задача - стварэнне дастойных умоў для жыцця людзей. Ваша задача - эканоміка. Дайце эканоміку, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - І тут вы недапрацоўваеце".
Як дакладваюць Прэзідэнту, 45 працэнтаў дарог рэгіёна маюць дэфекты пакрыцця. Ёсць нараканні насельніцтва да работы службаў ЖКГ, добраўпарадкавання. Непакоіць грамадзян стан аўтобуснага парка і работа гарадскога транспарту, асабліва ў гадзіны пікавых нагрузак.
"Прыклад побач. У якім стане мост на галоўнай артэрыі, якая звязвае Ветку з Гомелем? Аварыйным. Яшчэ. Людзі закідалі зваротамі: няма чыгуначнага пераезда ў мікрараёне Заходні ў Жлобіне. Дзеці і іх бацькі ходзяць у дзіцячы сад і школу па чыгуначных пуцях. Гэта так рэканструявалі дарогу. А які стан аўтадарогі М10, якая злучае Гомель з Брэстам?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што больш чым актуальнай праблемай гэтай вясны стала паводка, і гэта тэма не новая. "Мы заўсёды прасілі: мала вільгаці, мала вільгаці. Сёння - празмерна, і гэта шчасце. Сож, Днепр, Прыпяць, вы ведаеце, гэта рэкі з пэўным норавам. Хоць старажылы кажуць, што такога не было даўно. Але ці ўсё мы ўлічваем, ці заўсёды гатовы да такіх сітуацый? Чаму ў гэтым годзе атрымаўся нейкі аўрал? І інфармацыйны вакуум з боку мясцовай улады. З людзьмі трэба размаўляць, трэба своечасова даводзіць да іх ведама інфармацыю. У адваротным выпадку гэта будуць рабіць іншыя. І такія прыклады ўжо ў нас былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што большасць пытанняў павінна вырашацца на месцах і без сацыяльных узрываў: "Вы кіраўнікі. Людзі ў крытычнай сітуацыі чакаюць ад вас хуткіх, разумных і зразумелых дзеянняў і, самае галоўнае, дакладнай інфармацыі".-0-