Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 мая 2021, 12:26

Лукашэнка на Вялікдзень наведаў храм у Тураве

2 мая, Тураў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Кафедральны сабор свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве Жыткавіцкага раёна, перадае БЕЛТА.

Перад цэнтральнымі варотамі сабора кіраўніка дзяржавы сустрэлі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід і ключар сабора протаіерэй Васіль Пыцель. Пры ўваходзе ў храм Аляксандра Лукашэнку віталі дзеці мясцовых прыхаджан, паднеслі яму букет кветак і карзіну з велікодным наборам. У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў дзецям падарункі.

У саборы Аляксандр Лукашэнка запаліў велікодную свечку каля абраза Уваскрэсення Хрыстовага, паразмаўляў з вернікамі, якія прыйшлі ў храм. Ён перадаў у дар Кафедральнаму сабору ўзноўленую святыню - напрастольны Тураўскі крыж, што быў страчаны пасля землетрасення, якое разбурыла сабор у XIII стагоддзі. У сваю чаргу кіраўніку дзяржавы падарылі абраз свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх.

"Хрыстос уваскрэсе! Сёння я гавару гэтыя традыцыйныя велікодныя словы ў нашым Кафедральным саборы Турава з асаблівым пачуццём. Сёння ў нас гістарычны момант. Тут, як і ў Полацку, знаходзіцца калыска хрысціянства на нашай зямлі. Гэта месца - сапраўды невычэрпная крыніца веры, духоўнасці, мудрасці і адзінства беларускага народа. Народа, душа якога падобная на гэты горад. На першы погляд ён маленькі і сціплы. Але за сціпласцю стаіць больш як тысячагадовы летапіс. У ім нямала значных старонак, важных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю розных народаў і дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што Тураў - яго любімы горад: "Я вельмі люблю гэты маленькі, утульны, невялікі беларускі горад. Па памерах маленькі, а па сваёй душэўнасці, адкрытасці - гэта самы вялікі горад нашай беларускай зямлі разам з Полацкам".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што душа нашага народа, як і прыгажосць Турава, адкрываецца толькі тым, хто прыходзіць на беларускую зямлю з мірам і добрымі намерамі, людзям з Богам у сэрцы: "Аб гэтым яшчэ ў 12-м стагоддзі гаварыў наш знакаміты зямляк епіскап Кірыла Тураўскі - беларускі святы, філосаф, асветнік, духоўны настаўнік. Як кажуць сучаснікі, другі Златавуст. Вельмі мудры святы ўжо тады добра ведаў, што самыя галоўныя каштоўнасці - гэта мір, праца на роднай зямлі і абавязкова згода паміж людзьмі".

"Менавіта яна не раз дапамагала беларусам пераадолець нягоды, войны і ўзрушэнні. Дапамагае і цяпер. Нашу краіну шматразова выпрабоўвалі і зноў выпрабоўваюць на трываласць. Але, як усе бачаць, - Бог нас беражэ. Беражэ, пакуль ён у нашых сэрцах і думках", - заявіў беларускі лідар.

Як паведамлялася БЕЛТА, на працягу апошніх некалькіх гадоў у Беларусі вялася работа па ўзнаўленні напрастольнага крыжа Тураўскай епархіі XII-XIII стагоддзяў. Ён адносіцца да напрастольных крыжоў візантыйскіх і старажытнарускіх храмаў. Да іх жа адносіцца і яшчэ адна вядомая беларуская святыня - крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Яшчэ ў 1962 годзе ў час раскопак Тураўскага гарадзішча на пласце XII-XIII стагоддзяў былі знойдзены чатыры свінцовыя абразкі - Прасвятой Багародзіцы і трох святых. На думку вучоных, яны якраз размяшчаліся на напрастольным крыжы. Сам крыж быў галоўнай святыняй Тураўскай епархіі і захоўваўся на прастоле кафедральнага сабора горада. Вядома, што храм быў разбураны землетрасеннем у першай палавіне XIII стагоддзя.

У апошнія гады было прынята рашэнне ўзнавіць Тураўскі крыж. Адпаведнае даручэнне было дадзена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 16 чэрвеня 2017 года ў час наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У жніўні 2019 года канцэпцыю Тураўскага крыжа зацвердзіў тагачасны Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, а ўжо восенню пачаліся работы па яго вырабе. Па сярэдневяковых тэхналогіях былі выраблены два ідэнтычныя крыжы - для Тураўскай епархіі і для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі