ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 лютага 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 снежня 2022, 09:28

Лукашэнка на сустрэчы з Шайгу: ні вы, ні мы вайны не хацелі і не хочам

Сяргей Шайгу і Аляксандр Лукашэнка
Сяргей Шайгу і Аляксандр Лукашэнка

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 снежня сустрэўся з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, вам ужо беларускі міністр абароны расказаў аб сітуацыі ў Беларусі, аб падрыхтоўцы, баявой зладжанасці падраздзяленняў Беларусі і Расіі, якія прысутнічаюць у Беларусі. Павінен сказаць, што мы сур'ёзна да гэтага падышлі. І нашы, і вашы афіцэры рыхтуюць ваенных. І беларускіх, і расіян рыхтуюць. Для таго, каб у выпадку неабходнасці першыя рады нашы - абаронцы Саюзнай дзяржавы - змаглі адбіць любую агрэсію, - сказаў Прэзідэнт. - Ад аптэчак медыцынскіх да... Я ўжо не гавару там пра абмундзіраванне і іншае, узбраенне. Тут ніхто не дзеліцца: мы як адзіная групоўка, адзіная армія сёння рыхтуемся. Усе пра гэта ведаюць вакол. Мы гэта не ўтойвалі. Ды і ў сучасным свеце ўтаіць гэта немагчыма".

"Словам, так, як дамаўляліся з Прэзідэнтам Расіі. Вы не проста ў тэме, вы гэта рэалізуеце з нашым Міністэрствам абароны. Мы адносна гэтага планы выконваем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нікога не збіраецца палохаць, і выказаўся наконт гатоўнасці апанентаў да ўрэгулявання сітуацыі. "Я не збіраюся тут нікога палохаць. Вы тым больш. Усе ўжо і так напалоханы-перапалоханы. Але калі яны хочуць, каб мы мірна жылі ў нашым рэгіёне, нягледзячы на тое, як на гэта глядзяць з-за акіяна, і Расія, і Беларусь да гэтага гатовы. Калі яны хочуць ваяваць да апошняга ці то ўкраінца, ці то ўжо там паляка ці яшчэ наёмнікаў, ну, гэта іх справа, гэта іх права. Пакуль, напрыклад, я і нашы спецслужбы не бачаць, каб яны былі гатовы да паўнапраўных перагавораў і па-чалавечы дамаўляцца, - заявіў Прэзідэнт. - Яны бачаць, на нашу думку, як прадоўжыць вайну. Ну, тады спецыяльная аперацыя не спыніцца. Напэўна, вы гэта лепш ведаеце. Мы абмяняемся меркаваннямі. Словам, усё, што беларусы па адкрытым, рэальным дагаворы павінны зрабіць, мы зробім. Вы ў гэтым не сумнявайцеся".

"Мы тут у кусты не хаваемся. Мы адкрыта заявілі сваю пазіцыю. Ні вы, ні мы вайны не хацелі і не хочам. Добра, што зусім нядаўна (вы, напэўна, чулі) той прэзідэнт Парашэнка (экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. - Заўвага БЕЛТА) выказаўся, навошта яму патрэбны быў "Мінск" - вось гэтыя перагаворы ў 2014 годзе і гэтак далей. Аказваецца, ён рыхтаваўся да вайны. Ну што тады нас абвінавачваць, што мы ў нечым вінаватыя... Ну рыхтаваўся да вайны, дык сёння і расхлёбваюць гэту сітуацыю", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні ў яго адбылася тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: "Ён мне ўчора тэлефанаваў. Мы з ім вельмі доўга абмяркоўвалі сітуацыю вакол Беларусі і Расіі. Ён сказаў, што вы будзеце тут, і мы з вамі прадоўжым гэта абмеркаванне. Выпрацуем адзіную пазіцыю аб нашых далейшых дзеяннях па абароне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці".

У сваю чаргу Сяргей Шайгу падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць, у першую чаргу ў адносінах да ваенных, якія знаходзяцца ў Беларусі ў складзе сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. "Яны сапраўды адчуваюць сябе тут як дома. Гасцінны народ, які акружае іх, і, зразумела, у першую чаргу ваенныя робяць усё для таго, каб з'явілася вялікая вывучка, большая баявая зладжанасць", - сказаў ён.

"Таму дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч. Я прыехаў з найлепшымі пажаданнямі ад нашага Прэзідэнта. Гатовы абмеркаваць тэмы, пра якія вы гаварылі па тэлефоне, на мінулай сустрэчы", - дадаў кіраўнік расійскага Міністэрства абароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі