Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 сакавіка 2023, 11:22

Лукашэнка на "Планары": самае галоўнае - ведаць, куды ісці і што рабіць

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае важнасць развіцця айчыннай галіны мікраэлектронікі і пашырэння вытворчай базы. Адпаведныя пытанні абмяркоўваюцца ў час наведвання кіраўніком дзяржавы холдынга "Планар" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адразу пасля прыбыцця кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на ўнушальныя плошчы, занятыя ў Мінску прадпрыемствамі холдынга, і спытаў кіраўніцтва "Планара" аб планах па развіцці вытворчай пляцоўкі.

Прэзідэнту далажылі аб стратэгіі развіцця прадпрыемстваў холдынга, рабоце па імпартазамяшчэнні, супрацоўніцтве ў гэтым плане з Расійскай Федэрацыяй. Шэраг планаў у гэтым напрамку паспяхова ўжо рэалізаваны.

Асаблівую ўвагу на прадпрыемстве ўдзяляюць вытворчасці фоташаблонаў, без якіх немагчыма зрабіць ніводную мікрасхему. Прадукцыя самай высокай якасці па сусветных стандартах. Напрыклад, прадпрыемства робіць у гэтым напрамку сем відаў асноўнага абсталявання, і па кожным у яго ад аднаго да пяці канкурэнтаў з краін Еўрасаюза, ЗША, Японіі.

Па выніках работы ў 2022 годзе аб'ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі склаў каля Br57,5 млн (на 21 працэнт вышэй за ўзровень 2021 года). Чысты прыбытак дасягнуў амаль Br26,4 млн (пры заданні Br12,2 млн). Рэнтабельнасць продажаў склала амаль 13 працэнтаў. За мінулы год "Планар" нарасціў аб'ёмы экспарту на 70 працэнтаў.

Узровень лакалізацыі ў холдынгу знаходзіцца ў межах 60-80 працэнтаў. "У нас свая вытворчасць аптычная поўнасцю, апрацоўка каменю і дакладная механіка таксама свае", - растлумачыў генеральны дырэктар "Планара" Сяргей Авакаў.

Яшчэ адзін напрамак для далейшага развіцця - выпуск паўправадніковых пласцін. Вядзецца работа над абнаўленнем вытворчай базы ў кааперацыі з партнёрамі. Важна не проста вырабіць тую ці іншую прадукцыю, але зрабіць яе максімальна кампактнай і эфектыўнай. Лік тут ідзе на нанаметры, ад якіх залежыць як прадукцыйнасць, так і канчатковы кошт прадукцыі.

"Самае галоўнае - ведаць, куды ісці і што рабіць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт наведаў вытворчыя памяшканні, дзе яму далажылі аб найбольш запатрабаванай прадукцыі холдынга і перспектыўных распрацоўках. Шэраг установак, прадэманстраваных Прэзідэнту, з'яўляюцца найлепшымі ў свеце ў гэтай катэгорыі. Акрамя вытворчых пытанняў, абмяркоўвалася таксама забеспячэнне кадрамі. Кіраўнік дзяржавы пытаўся, ці дастаткова кваліфікаваных кадраў і як вырашаецца пытанне папаўнення гэтага рэзерву маладымі спецыялістамі.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі