Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 лютага 2024, 12:21

Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай: заўсёды рады аказаць вам дапамогу і падтрымку

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды рада аказаць дапамогу і падтрымку Рэспубліцы Сербскай Босніі і Герцагавіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Міларадам Додзікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чытаў аб вашай рабоце ў Беларусі за гэты час. Вітаю вашу работу тут. Вы павінны ведаць галоўнае: калі вам падыходзіць нешта ў Беларусі ў плане тэхналогій і іншых пытанняў у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці, ахове здароўя, - мы заўсёды рады аказаць вам дапамогу і падтрымку", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за сітуацыяй на Балканах. "Маё стаўленне вы добра ведаеце. Па ўсіх выпадках і пытаннях, якія існуюць, і тых падзеях, якія адбыліся ў дружалюбнай нам Югаславіі. Калі яе проста раздзялілі на часткі. Ведаеце маю пазіцыю, стаўленне да вас у самыя складаныя часы. Я маю на ўвазе Сербію, калі яна падвяргалася бамбардзіроўкам, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ведаем, што вам там часам няпроста, але вы мужна змагаецеся. Мы гэта вітаем. Толькі мужнасць і стойкасць, і сіла сёння, на жаль, могуць вызначыць будучыню той ці іншай краіны, вобласці, раёна, тэрыторыі. Думаю, што вы стойка трымаецеся там, прадстаўляючы інтарэсы праваслаўных людзей і людзей, якія давяраюць і вераць вам. Мы ў гэтым плане на вашым баку. І вы на нас можаце разлічваць. Словам, вы прыехалі да сваіх сяброў".

Як паведамлялася БЕЛТА, Міларад Додзік 17-19 лютага знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам. Парадак дня візіту насычаны і ўключае шэраг сустрэч і перагавораў, наведванне прамысловых прадпрыемстваў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ДУ "Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі і транспланталогіі". У цэнтры ўвагі ў ходзе візіту - пытанні развіцця двухбаковых гандлёвых сувязей, нарошчвання ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці, аховы здароўя, навукі і адукацыі, пашырэння двухбаковай дагаворна-прававой базы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі