ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 9 красавіка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 лютага 2020, 11:44

Лукашэнка: мы захоўваем вялікі інтарэс да прамых кантактаў з рэгіёнамі Расіі

Аляксандр Лукашэнка і Ігар Арлоў
Аляксандр Лукашэнка і Ігар Арлоў

21 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Беларусь захоўвае вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы захоўваем вельмі вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы для нас наогул родны чалавек, мы жывём на поўначы, у нас шмат задач, якія трэба вырашаць". Паводле яго слоў, Беларусь валодае дастатковымі аб'ёмамі прамысловай прадукцыі, тавараў народнага спажывання для гандлю з расійскім рэгіёнам.

Прэзідэнт адзначыў, што адна са сфер, дзе ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння, - гэта будаўніцтва. "Калі вы нам даручыце які-небудзь квартал па жыллі зрабіць пад ключ, праектаваць, праводзіць даследаванні і будаваць, як мы звычайна ў расійскіх губернях робім, - калі ласка, мы можам паказаць нашы магчымасці. Калі вам спадабаецца, будзеце нас запрашаць", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама абазначыў магчымасць аснашчэння дамоў у Архангельскай вобласці сучаснымі беларускімі ліфтамі. "Мы значна мадэрнізавалі свае заводы па вытворчасці ліфтавага абсталявання і можам ліфты рабіць хоць для касмадрома, хоць для самалётаў, верталётаў і звычайных жылых дамоў", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама мае вялікі вопыт машынабудавання ад транспарціроўкі грузаў да лесанарыхтовак. "Стварылі практычна ўсю лінейку лясной тэхнікі, вучыліся па ўсім свеце і зрабілі не горш. Там, дзе вузлы складаныя і мы яшчэ не ўмеем так якасна вырабляць, мы іх купляем у еўрапейцаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі падзяліцца з Архангельскай вобласцю сваім вопытам па развіцці сельскай гаспадаркі. "Мы з вамі знаходзімся ў зоне рызыкоўнага земляробства, - адзначыў ён. - Мы можам вам дапамагчы і ў племянной справе, і ў вырошчванні агароднінных культур, уладкаванні малочнатаварных ферм, цяплічных комплексаў". У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў эфектыўнае супрацоўніцтва з Егіптам, дзе Беларусь будуе і аснашчае цяпліцы. "Мы дамовіліся (у час нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет. - Заўвага БЕЛТА), што больш будзем будаваць цяпліц, таму што там яны могуць зімой вырасціць тое, чаго няма ў нас, і нам прадаць, дапусцім, клубніцы", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, менавіта развіццё эфектыўнай цяплічнай гаспадаркі дае магчымасць Беларусі вырошчваць агароднінную прадукцыю, якая канкурэнтная ў тым ліку і на расійскім рынку. "Хоць розніца па цэнах на прыродны газ у нас з вамі амаль у два разы, а па нафце на 50 працэнтаў у нас цэны вышэйшыя, чым у Расіі. Нават у гэтай сітуацыі мы канкурэнтныя на вашым рынку па агурках, перцах, баклажанах, памідорах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання, якія пастаўляюцца ў розныя рэгіёны свету. "Мы гандлюем не толькі ў Расіі, ужо вельмі шмат і ў Еўрасаюзе, але яшчэ больш з Кітаем, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму Данкверту (Сяргей Данкверт - кіраўнік Рассельгаснагляду. - Заўвага БЕЛТА) трэба сказаць, каб пераставаў нас даймаць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сумесныя прадпрыемствы па асваенні тарфяных радовішчаў, якімі багата Архангельская вобласць.

"Усё, аб чым вы тут дамовіліся, я вам гарантую, мы гэта рэалізуем. Мы вельмі абавязковыя людзі, - запэўніў Прэзідэнт Беларусі расійскага губернатара. - Мы ад гэтага маем даход, вядома, не такі, як у Расіі ад нафты і прыроднага газу. З гэтага жыве ўся Беларусь. Работа з вамі - гэта не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша работа, ад якой мы атрымліваем хоць невялікі, але прыбытак".

У сваю чаргу Ігар Арлоў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць наведаць Беларусь. Ён назваў свой візіт "не парадным, а насычаным практычнымі справамі і рашэннямі". "Па выніках візіту я чарговы раз пераканаўся, што нашаму ўзаемадзеянню наканаваны поспех на ўсіх узроўнях, я ніколькі ў гэтым не сумняваюся. Узровень адносін, блізкасці агульначалавечых, гістарычных каштоўнасцей вельмі высокі", - падкрэсліў ён.

Узаемны тавараабарот Беларусі і Архангельскай вобласці ў 2019 годзе склаўся на ўзроўні $45,8 млн, з іх $22,9 млн склаў экспарт айчынных тавараў у расійскі рэгіён і столькі ж - імпарт. Беларусь пастаўляла ў асноўным мяса ялавічыны і птушку, вырабы з бетону, цэменту і штучнага каменю, цукар, аўтамабілі, запчасткі да іх і іншыя тавары. А закупляліся ў Архангельскай вобласці пераважна папера, кардон, лом чорных металаў, драўняная цэлюлоза, шэрсць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі