Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 жніўня 2022, 18:07

Лукашэнка: мы выстаялі і таму жывём у мірнай краіне, але расслабляцца пакуль рана

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выстаяла ў складаны перыяд 2020 года, здолеўшы захаваць мір і парадак у дзяржаве, аднак расслабляцца пакуль рана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод тым, хто быў на вастрыі ў вельмі няпросты для краіны час, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значныя заслугі ў воінскай службе і высокі прафесіяналізм кіраўніком дзяржавы ўзнагароджаны тры дзясяткі ваеннаслужачых і прадстаўнікоў сілавых структур: Міністэрства абароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта, Камітэта дзяржбяспекі, Службы бяспекі Прэзідэнта. Высокія ўзнагароды атрымалі і шэраг цывільных асоб, якія праявілі рашучасць і мужнасць у складаных умовах пры забеспячэнні бяспекі і навядзенні парадку ў краіне ў жніўні і восенню 2020 года. Аднак спіс узнагароджаных значна шырэйшы. Ва ўказе, падпісаным Прэзідэнтам, амаль сотня чалавек. Усім ім высокія заслужаныя ўзнагароды ў самы бліжэйшы час па даручэнні Прэзідэнта ўручаць прэм'ер-міністр і дзяржсакратар Савета бяспекі.

"Цяпер мы ўжо ўсвядомілі, што было б з намі. Мы тады зрабілі практычна немагчымае. На нас трэніраваліся. Але гэта была трэніроўка, гэта была прэлюдыя да тых падзей, якія адбываюцца цяпер у свеце і ў прыватнасці ва Украіне. Мы выстаялі, таму сёння жывём у мірнай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: расслабляцца яшчэ вельмі рана, усё толькі пачынаецца: "Там была рэпетыцыя, трэніроўка, як я сказаў, прэлюдыя да асноўных падзей. Усё толькі пачынаецца. Нам не да расслаблення".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на складаную абстаноўку ў рэгіёне і свеце, у тым ліку вакол Беларусі. "Польшча і краіны Прыбалтыкі ператварыліся, як бачыце, у палігоны для рэгулярных вучэнняў натаўскіх войскаў. Раней нейтральныя Швецыя і Фінляндыя (ім жа нечага карціць, сядзелі б ціхенька і маўчалі) імкнуцца ў тэрміновым парадку ўступіць у Паўночнаатлантычны альянс, лічыце - уступілі фактычна", - сказаў ён.

Пры гэтым, адзначыў Прэзідэнт, не спыняецца масіраваная гібрыдная агрэсія супраць беларускай дзяржавы. "З боку так званай збеглай нават не апазіцыі, а тых мяцежнікаў, якія хутка збеглі за межы нашай краіны. Па сваёй сутнасці гэтыя людзі з'яўляюцца адным з краевугольных камянёў палітыкі Вашынгтона і Бруселя на нашым напрамку і не толькі. І наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі - зрабіць з гэтага высновы і ўсімі магчымымі сродкамі захаваць краіну, - заявіў беларускі лідар. - І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. У гэтым не толькі мая, але і ваша задача. Людзі вельмі вераць у нас і ведаюць, што мы заўсёды прыйдзем дапамагчы. Забяспечым спакойнае і мірнае жыццё нашых людзей, абаронім краіну ад знешніх і ўнутраных пагроз".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Прэзідэнт падзякаваў ім за бездакорную службу і надзейнасць, пажадаў новых дасягненняў у службе і на рабоце, моцнага здароўя ім, а таксама іх родным, блізкім.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі