Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 лістапада 2021, 13:19

Лукашэнка: мы не хочам ніякага канфлікту на Дзяржаўнай граніцы Беларусі

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не хоча ніякага канфлікту на Дзяржаўнай граніцы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Правільна робяць высновы нашы журналісты і іншыя, што Польшчы гэты канфлікт сёння патрэбны. Унутраныя праблемы, праблем з Еўрапейскім саюзам больш чым дастаткова - і пачынаецца гэта таўкатня і ўжо стральба на Дзяржаўнай граніцы, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы не хочам ніякага канфлікту на нашай Дзяржаўнай граніцы. Гэта для нас абсалютна стратна".

p>

"Нам не трэба, каб гэтыя бедныя людзі хадзілі па Мінску, па Гродне, напружвалі нашых людзей. Асабліва на дзяржграніцы, дзе пагранічнікі ва ўзмоцненым рэжыме сёння нясуць службу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што ў Беларусі арганізавана ахова лагера каля граніцы, дзе размяшчаюцца тысячы мігрантаў. "Мы ж яго вымушаны ахоўваць, каб туды зброю не падкінулі. Я ўжо колькі разоў аб гэтым гаварыў, але прадаўжаюцца гэтыя папрокі", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што абстаноўка вакол лагера мігрантаў на граніцы наўмысна абвастраецца, таксама з разліку ўцягнуць у гэты канфлікт Расію. "Зразумела, што абвастраецца абстаноўка на дзяржграніцы, і зразумела, з якім прыцэлам. Мы гэта добра разумеем. Нездарма ж яны праз коску: "Лукашэнка вінаваты", следам - Пуцін, "Беларусь вінавата", следам - Расія вінавата. Зразумела, што гэта нацэлена на эскалацыю напружанасці", - канстатаваў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на падзеі апошняга часу ў Чорным моры, адзначыўшы, што гэта пытанне было ў ліку тэм, якія Прэзідэнт Беларусі абмяркоўваў у нядаўняй тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Паглядзіце, што ў Чорным моры робіцца. Вось мы з Прэзідэнтам Расіі ўчора доўга размаўлялі па гэтым пытанні. Агідна паводзяць сябе амерыканцы і натаўцы ў Чорным моры. Абстаноўку спецыяльна нам абвастраюць. Але мы ж не хлапчукі, каб паддавацца на гэтыя незразумелыя іх рухі", - сказаў беларускі лідар.

Усялякія абвінавачанні ў тым, што міграцыйны крызіс выгадны Беларусі, Прэзідэнт лічыць недарэчнымі і беспадстаўнымі, як і развагі наконт наўмыснага абвастрэння сітуацыі беларускім бокам і сцвярджэння, што Аляксандр Лукашэнка прымушае Захад гуляць па сваіх правілах. "Дык не гуляйце па гэтых правілах! Зрабіце наадварот. А наадварот у іх так: трэба забраць гэтых мігрантаў і мы выб'ем козыр з рук Лукашэнкі. Ну дык выбіце. Забярыце мігрантаў, і ў Лукашэнкі козыраў ніякіх не будзе. Што за бязглуздзіца такая, што за глупства? Ляпаюць там што папала", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь арганізавала аказанне гуманітарнай дапамогі мігрантам на граніцы, і асобна падзякаваў сенатарам за праведзеную работу. "Сенатары малайцы, працуюць там на месцы: і гуманітарную дапамогу арганізавалі, і палаткі паставілі, медыцынская дапамога", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, дапамогу атрымалі ўжо больш за 200 чалавек.

"Сказаць, што мы перашкаджаем пастаўкам гуманітарнай дапамогі - гэта ўжо вар'яцтва поўнае. Калі б не гуманітарная дапамога, там палавіна гэтых людзей памерлі б ужо", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, абвергнуўшы чарговыя фэйкі вакол тэмы міграцыйнага крызісу.

"Не хачу быць празорліўцам, але тое, што робяць еўрапейцы цяпер, - гэта з вясны ім адгукнецца", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што закрануў сітуацыю з мігрантамі на граніцы, паколькі "гэта адна з напружаных кропак у нашай краіне". Што датычыцца іншых важных тэм, якія апошнім часам былі на кантролі ў Прэзідэнта (заканчэнне ўборачнай кампаніі і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання), то тут сітуацыя стабільная. "Тут у нас усё нармальна, тэмпы добрыя", - ахарактарызаваў абстаноўку Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі