Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 студзеня 2021, 19:19

Лукашэнка: мітрапаліт Філарэт быў сапраўдным героем Беларусі

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мітрапаліт Філарэт, пачэсны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які пайшоў з жыцця, быў сапраўдным героем Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў - дабрыня і спагада, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць - ёсць у кожным.

"Менавіта такім, сапраўдным героем Беларусі, шчырым і адкрытым быў наш уладыка Філарэт, якога мы, на жаль, страцілі. Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабіста падтрымліваючы ўсіх лаўрэатаў сваім благаславеннем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гісторыі Беларусі мітрапаліт Філарэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям, якія аб'ядноўваюць беларусаў.

"Быць дастойнымі нашчадкамі нашага Філарэта і іншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў, - наша агульная мэта", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Памяць мітрапаліта Філарэта ў час цырымоніі ўшанавалі мінутай маўчання.

Як паведамлялася, 16 снежня 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, выкліканага каранавіруснай інфекцыяй. Ён памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года.

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, пачэсны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт (Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія. У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаскі пострыг з імем у гонар святога Філарэта Міласцівага і быў пасвячоны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў назначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м - мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. У 1992-2013 гадах быў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Падзвіжніцкая асветніцкая дзейнасць пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі - ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам "За заслугі перад Айчынай" IV ступені і іншымі.

У 2006 годзе мітрапаліту было прысвоена званне "Герой Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі