Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 студзеня 2024, 13:00

Лукашэнка: меры па процідзеянні вываду капіталу з Беларусі павінны ўключацца імгненна 

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Меры па процідзеянні вываду капіталу з Беларусі павінны ўключацца імгненна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з тэм нарады стала процідзеянне вываду капіталу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, абкладзеная бар’ерамі і забаронамі, жыве і працуе ў складаных эканамічных умовах.

"Санкцыі - традыцыйная і шматразова адпрацаваная практыка націску так званых сусветных лідараў на непажаданыя ім краіны. На жаль, гэта, калі можна так сказаць, модны эканамічны трэнд. Такім чынам і Штаты, і Еўрапейскі саюз даўно распраўляюцца з канкурэнтамі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы прапануем іншаземцам адны з лепшых умоў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктуру, зразумела, кампетэнцыі. Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт свайго народа. А калі нехта паспрабуе, ёсць механізмы процідзеяння і пераконвання".

Тым не менш прадстаўнікі дзяржаўнага кантролю дакладваюць аб фактах адтоку сродкаў у недружалюбныя краіны і нават аб мэтанакіраваным вывадзе прыбытку за межы Беларусі. "Ёсць кампаніі – нашы, не нашы. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія і вывелі за межы Беларусі, размясцілі на рахунках. Грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяцца за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму сёння я хачу пачуць вычарпальную інфармацыю аб тым, чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты. Паколькі на практыцы загараджальныя меры павінны ўключацца імгненна і без усялякага разварушвання. Як арганізавана гэта работа ў губернатараў? Вы ж перш за ўсё зацікаўлены ў інвестыцыях і бездэфіцытным бюджэце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі