Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 снежня 2017, 14:37

Лукашэнка: малы і сярэдні бізнес - важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі Беларусі

22 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Малы і сярэдні бізнес - важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце мы сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных - прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу - ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб'ядноўвае нас усіх адно - дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес - гэта важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, і існавання дзяржавы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы агляды, убачыў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур: нібыта іх не запрасілі на сустрэчу. "Што датычыцца скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы - дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдзячыся, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нікому не забараняецца ўдзельнічаць у палітыцы. "Я нават настойваю, каб бізнесмены ўдзельнічалі ў палітыцы. Але толькі вы помніце, каб потым не было крыўды: у палітыцы іншыя законы і правілы. Пастарайцеся перабудавацца ў сваім жыцці з эканомікі на палітыку, і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе не трэба змешваць гэтыя паняцці і блытаць іх", - падкрэсліў ён.

У гэтым годзе прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прадпрымальнікі па даручэнні Прэзідэнта правялі маштабную работу па паляпшэнні бізнес-клімату і стымуляванні дзелавой актыўнасці. "Многія з прысутных у гэтай зале прынялі ў ёй самы актыўны ўдзел: выступалі з ініцыятывамі, абмяркоўвалі падрыхтаваныя дакументы, уносілі адпаведныя прапановы па іх дапрацоўцы", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Восенню Аляксандр Лукашэнка падпісаў цэлы пакет дакументаў - дэкрэт і сем указаў, прызначаных даць моцны імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар'ераў, якія, на думку бізнес-супольнасці, тармазілі дзелавую ініцыятыву.

"Сёння я хачу пачуць ад вас шчыры адказ на пытанне: ці аптымальныя прынятыя меры? Каб мы ў новы год не ўвайшлі са старым багажом, які трэба было скінуць у гэтым годзе, - сказаў Прэзідэнт. - Я гатовы вас пачуць. І калі мы нешта недапрацавалі і бачым гэта, мы павінны зрабіць гэтыя крокі. Палавінчатых рашэнняў быць не павінна, калі мы ведаем, куды ісці і як ісці. Я не прыхільнік гэтага. Зразумела, жыццё мяняецца. Мы нават у пачатку года не маглі гаварыць аб нейкіх там майнінгах, блокчэйнах і гэтай новай крыптавалюце. А ўжо сёння гэта становіцца рэальнасцю. Таму жыццё і, зразумела, нарматыўна-прававая база будуць мяняцца".

Ён заўважыў, што некаторыя "дзеячы" папракалі ўлады ў тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца. Маўляў, яго звязалі па руках і нагах. "Вы ведаеце, калі ішла размова да прыняцця гэтых нарматыўных прававых актаў, дэкрэтаў, указаў, я гэта чуў таксама. Скажу адкрыта: я ў гэта ніколі не верыў, нават тады, калі мы пайшлі на прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў. Самае галоўнае сведчанне таго, што ў нас можна і трэба працаваць прадпрымальнаму чалавеку, - гэта вы. Вы пачалі свой бізнес у тыя "немагчымыя" гады і адбыліся", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сучасная моладзь думае, што бізнес - гэта лёгка: прыйшоў, зарэгістраваўся - і заўтра будзеш багатым. "Вы, калі ласка, ім падказвайце, што гэта бяссонныя ночы і самая цяжкая праца. Асабліва, калі ўкладваеш свае грошы, калі ў цябе сваё і табе за гэта давядзецца адказваць. Таму нічога адразу не з'яўляецца. Ну, камусьці, можа, пашанцуе, аднаму з тысячы. Але многім трэба будзе працаваць, ім давядзецца не толькі праз цяжкасці прайсці, але і праз расчараванне, банкруцтва. Гэта цяжкая, няпростая праца, таму не трэба думаць, што прынялі рашэнне - і заўтра пойдуць у нас новыя бізнесмены. Лепш пачынаць з кімсьці, хто ўжо гэтым бізнесам займаўся і ў каго ёсць вопыт, - перакананы Прэзідэнт. - Прысутныя тут паспяховыя бізнесмены і ваша работа - доказ таго, што бізнес у Беларусі адбыўся. І той, хто хоча працаваць, можа працаваць".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя краіны трацілі дзесяцігоддзі на тое, каб адвучыць розных дзялкоў вырашаць праблемы з дапамогай хабару і бандыцкіх разборак. "Мы гэтага па вялікім рахунку не дапусцілі. І гэтага ў Беларусі ніколі не будзе", - падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва яму давялося разбірацца з дзейнасцю арганізаваных злачынных груповак. "Мы гэта пытанне вырашылі за месяц, іх не стала", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа з прадпрымальнікамі ў Беларусі пачалася не сёння. Яшчэ ў 2009 годзе пачаўся новы этап адносін бізнесу і дзяржорганаў: Аляксандрам Лукашэнкам было даручана падрыхтаваць прапановы аб паступовай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Яны знайшлі адлюстраванне ў выдадзенай у 2010 годзе Дырэктыве аб развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Гэты канцэптуальны дакумент дзейнічае да гэтага часу. На яго аснове ўрад прыняў, змяніў або адмяніў амаль 200 прававых актаў.

"Гэта вялікая работа. Атрымалі нядрэнны вынік. У рэйтынгу дзелавой актыўнасці Беларусь з другой сотні дзяржаў перамясцілася на 38-е месца, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Прагрэс быў відавочны. Але з таго часу мінула 8 гадоў. Цяпер узнікла аб'ектыўная неабходнасць рабіць далейшыя ўжо не паслядоўныя, а рашучыя крокі, каб не адстаць ад тых трэндаў, якія сёння прапануюць сусветная эканоміка і развіццё глабальнага грамадства".

У той жа час і з боку бізнесу павінна быць сумленная гульня, падкрэсліў Прэзідэнт. "Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць - гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі