Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 сакавіка 2024, 15:07

Лукашэнка мае намер прадоўжыць праграму сямейнага капіталу

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праграма сямейнага капіталу ў Беларусі, тэрмін дзеяння якой завяршаецца ў бягучым годзе, будзе прадоўжана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў абяцанне ў час сустрэчы з актывам ГА "Беларускі саюз жанчын", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пытанне прадстаўніцы Столінскага раёна, дзе пражываюць больш за 2,2 тыс. шматдзетных сем'яў, а 835 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці, датычылася магчымасці прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу, якая, паводле яе слоў, паказала сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць.

Прэзідэнт адзначыў, што на момант пачатку рэалізацыі праграмы сямейнага капіталу ў Беларусі было каля 63 тыс. шматдзетных сем'яў, а цяпер іх колькасць перасягае 120 тыс.

"Мяркуйце самі. Мы вырашаем важнейшае пытанне. Няма больш важнага пытання, чым прыбаўленне, прырост нашага насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта гавару: 15 млн, а можа і 20 млн наша Беларусь з нашым працаздольнымі людзьмі і рэсурсамі змагла б накарміць, улічваючы геапалітычнае наша становішча", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Нам вельмі трэба разгарнуць гэту тэндэнцыю да нараджальнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што аднаго дзіцяці ў сям'і, безумоўна, мала і пажадана, каб іх было хаця б двое, а лепш - трое.

"Шматдзетная сям'я - трое і больш (дзяцей.  - Заўвага БЕЛТА) - мы ўсё для яе павінны зрабіць", - заявіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што адна з найбольш актуальных праблем для шматдзетных сем'яў - доўгае чаканне ў чарзе на прадастаўленне жылля - практычна ўжо вырашана.

"Мы вырашылі гэту праблему, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Шматдзетная сям'я і жыллё - гэта галоўнае. Калі ёсць дом, значыць, ёсць і сям'я і іншае". Аналагічным чынам цяпер вырашаецца праблема з прадастаўленнем жылля ваеннаслужачым. Прэзідэнт запэўніў, што на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў гэта пытанне будзе вырашана. "Мы павінны, як бы ні было складана, вырашыць праблему жылля для ваенных. На працягу двух гадоў (я паабяцаў ваенным) мы гэту праблему здымем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я з задавальненнем прыму рашэнне аб прадаўжэнні гэтага сямейнага капіталу. Адзінае - каб гэтыя грошы траплялі каму трэба", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт: трэба зрабіць так, каб дапамога ў абавязковым парадку выкарыстоўвалася адрасна, на патрэбы дзяцей. Аляксандр Лукашэнка прыгадаў і выпадкі з асабістай практыкі, калі даводзілася дапамагаць дзецям нядбайных бацькоў, забяспечваючы іх адзеннем і прадуктамі харчавання.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў БСЖ далучыцца да вырашэння такіх пытанняў, таму што ім добра вядома сітуацыя на месцах і ёсць шмат неабыякавых жанчын, гатовых аказаць садзейнічанне. "Вазьміце гэта, калі ласка, на кантроль і дзейнічайце. Трэба абараніць нашых дзяцей", - сказаў ён.

"Ёсць, Аляксандр Рыгоравіч. Абавязкова возьмем на кантроль, выканаем. Таму што хто, як не мы, жанчыны?" - адказала старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі