Сцяг Пятніца, 18 красавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 сакавіка 2025, 16:54

Лукашэнка: мадэрнізацыі чыгункі па шляху да марскіх партоў Расіі перашкаджае нейкая цяганіна

Фота з архіва
Фота з архіва
14 сакавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб праблеме з мадэрнізацыяй чыгункі па дарозе з Беларусі да марскіх партоў Расіі. Адпаведную заяву ён зрабіў 14 сакавіка ў сваім выступленні ў Савеце Федэрацыі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вялікае значэнне для Беларусі мае мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры, асабліва да марскіх партоў. Ён растлумачыў, што ў Беларусі ёсць партовыя магутнасці пад Санкт-Пецярбургам. Краіна магла б істотна пашырыць свае пастаўкі праз парты, але пакуль гэта стрымліваецца з-за недастатковай прапускной здольнасці чыгункі, асабліва па тэрыторыі Расіі. Адзін з варыянтаў вырашэння праблемы - аднаўленне раз'ездаў, якія існавалі некалі, але былі разбураны.
"Расіяне гатовы - і ў Піцеры, і ў Ленінградскай вобласці, губернатары малайцы, яны гатовы падставіць сваё плячо. Але нейкая цяганіна ідзе, мы не можам расшыць гэта вузкае месца, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Трэба нам неяк рухацца і гэта рабіць".

Прэзідэнт лічыць перспектыўным выкарыстанне чыгункі ў напрамку Паўночна-Заходняга рэгіёна Расіі для далейшай перавалкі грузаў праз расійскую партовую інфраструктуру. "Тут можам загрузіць і гандляваць, як бы нас ні палохалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што розныя запалохванні, у тым ліку аб магчымасці арышту судоў і грузаў пры праходжанні па Балтыцы, гучаць з розных бакоў, і гэта тэма абмяркоўвалася лідарамі Беларусі і Расіі. "Я гавару: "Ну што, Уладзімір Уладзіміравіч, засталося адно - будзем суправаджаць ваеннымі караблямі". А як інакш? Мы не павінны ўвесь час - па адной шчацэ ўдарылі, другую падстаўляць. Не, мы так не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што нашы "сябры" ў краінах Балтыі, Швецыі, Фінляндыі пастаянна правакуюць беларусаў і расіян, каб потым выступіць з абвінавачаннямі. "То кабель парвалі, яшчэ нешта... Фактаў няма. Ідуць правакацыі, нагнятанне, каб потым нешта сказаць", - заўважыў беларускі лідар. У свой час такія ж неабгрунтаваныя абвінавачанні гучалі ў адрас Расіі, нібыта гэта яна мае дачыненне да падрыву "Паўночных патокаў". "Цяпер ужо зразумела, хто ўзарваў. Амерыканцы просяць кіраўніцтва ваша (расійскае. - Заўвага БЕЛТА): "Аддайце нам іх (гэтыя газаправоды. - Заўвага БЕЛТА), мы будзем Еўропе пастаўляць ваш газ". Трэба вельмі падумаць. Калі гэта так, вы ж ведаеце, па якой цане амерыканцы купяць газ тут і паставяць туды", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, яму блізкі пункт гледжання Прэзідэнта Расіі па гэтым пытанні: каб Расія прадаўжала кіраваць "Паўночнымі патокамі", захоўваючы гатоўнасць супрацоўнічаць з ЗША ў гэтым праекце, калі будзе дамоўленасць з іншымі партнёрамі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі