Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 красавіка 2022, 12:28

Лукашэнка: людзям трэба растлумачыць паняцце "грамадзянская супольнасць" і дакладна адлюстраваць гэта ў заканадаўстве

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра юстыцыі Сяргея Хаменку, паставіў задачу замацаваць на заканадаўчым узроўні паняцце "грамадзянская супольнасць" і растлумачыць яго людзям, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на будучую вялікую работу ў партыйным будаўніцтве і навядзенні парадку ў грамадскіх аб'яднаннях. "Абавязкова трэба людзям і грамадству дакладна даць сігнал, што такое грамадзянская супольнасць, з чаго яна ў нас складаецца, і гэта адлюстраваць у законах. Заканадаўства дакладна павінна гэта вызначаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле даных Мінюста, колькасць палітычных партый і прафесійных саюзаў у Беларусі за апошні час не змянілася - 15 і 25 адпаведна. А вось колькасць грамадскіх аб'яднанняў знізілася да 2978, што звязана з іх інвентарызацыяй, праведзенай органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі. Усяго ў краіне за мінулыя паўгода ліквідавана 116 грамадскіх аб'яднанняў. Мінюст прадаўжае работу па ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Аб неабходнасці распрацоўкі і прыняцця закона аб грамадзянскай супольнасці гаварылася ў перыяд абмеркавання новай рэдакцыі Канстытуцыі і падрыхтоўкі рэферэндуму. Звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў студзені гэтага года і адказваючы на пытанні прысутных, Аляксандр Лукашэнка адзначаў ролю грамадзянскай супольнасці пры фарміраванні Усебеларускага народнага сходу: "Калі народ падтрымае на рэферэндуме змяненні, адзін з першых законапраектаў, які будзе распрацаваны і прыняты, - закон аб грамадзянскай супольнасці. Што такое грамадзянская супольнасць? З чаго яна складаецца? Яна будзе складацца з тых людзей, якія сябе праявілі, якія з'яўляюцца сапраўды стаўпамі гэтага грамадства".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у ліку гэтых людзей - прадстаўнікі маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, прафсаюзаў, Саюза жанчын. Таксама ён падкрэсліў, што трэба будзе абмеркаваць з дэпутатамі і спецыялістамі, па якіх крытэрыях ад грамадзянскай супольнасці будуць фарміраваць дэлегатаў УНС - па колькасці, тэрытарыяльным прынцыпе. "Гэта пытанне адкрытае. Партыі ў нас ёсць. Абмяркуем, пагаворым. Разам, як праект Канстытуцыі абмяркоўвалі, і прымем рашэнне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі