Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 снежня 2018, 15:33

Лукашэнка лічыць піяраўскім ходам пытанне, якое ўзнімалася раней, аб расійскай авіябазе ў Беларусі

14 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць непрадуманым піяраўскім ходам пытанне, якое ўзнімалася некаторы час таму, аб магчымасці стварэння ў Беларусі расійскай авіябазы. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ў Беларусі і Расіі існуе высокі ўзровень інтэграцыі, у тым ліку ў ваеннай галіне. "У АДКБ такога няма. У нас тут зона адказнасці АДКБ у заходнім напрамку. У нас распрацаваны план на выпадак абвастрэння адносін з НАТА або, не дай бог, канфлікту ці вайны. У АДКБ з іншымі дзяржавамі гэтага няма. У нас вельмі глыбокая інтэграцыя, аж да ваеннай", - сказаў беларускі лідар.

"Праўда, сапсавалі ўсё гэтай базай. Нікому база не патрэбна. Слухайце, будаваць нейкую базу на старым аэрадроме (з Пуціным мы абмяркоўвалі гэту праблему). Я задаю пытанне: навошта? 3-4 хвіліны - час падлёту самалётаў з Расіі. Навошта на перадавую, калі тут вайна пачнецца, цягнуць аэрадром? Адна ракета - узлётна-пасадачная паласа непрыдатна. Гэта быў непрадуманы піяраўскі ход - вось, мы базу тут размесцім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі ёсць некалькі баз ВПС: "На любую базу заўтра саджайце 10-20-30 самалётаў. Карыстайцеся". Аляксандр Лукашэнка расказаў, што папрасіў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб не было скандалаў, аб сумесных палётах расійскіх і беларускіх лётчыкаў. "І мы гэта ўжо апрабавалі, калі ў нас быў чэмпіянат свету. Нашы разам з расіянамі ляталі на гэтых расійскіх самалётах", - адзначыў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што нават у ваеннай сферы ёсць шмат пытанняў. У прыватнасці, кіраўнік беларускай дзяржавы раней звяртаўся да кіраўніцтва Расіі з просьбай даць дзясятак самалётаў, на што не было дадзена адназначнага станоўчага адказу. "Я гавару: ты што, намякаеш, што я павінен купіць? У мяне такіх грошай няма. Мне за газ трэба плаціць, крэдыты вяртаць. І наогул, калі шчыра гаварыць, ты што, хочаш, каб я купіў аўтамат для таго, каб цябе абараняць?" - перадаў падрабязнасці размовы беларускі лідар.

"Таму ў нас мноства элементарных пытанняў, якія трэба вырашыць, а потым сумесны суд ствараць... Трэба паказаць перш за ўсё беларусам, ды і расіянам, што ў нас тут праблем няма", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін довад, што ў Беларусі ёсць дзве вельмі важныя расійскія базы, якія расійскі бок не аплачвае. "Заканчваецца тэрмін дагавора ў 2019 годзе або 2020 годзе, і я нават пытання не стаўлю аб аплаце. Неяк няёмка ў расіян грошы прасіць за гэтыя базы", - адзначыў ён.

"У нас ёсць саюзны парламент, саюзны Саўмін, Вышэйшы дзяржсавет (я з'яўляюся яго старшынёй), - сказаў беларускі лідар. - Што нам перашкаджае працаваць, прымаць рашэнні і выконваць іх? Не, дасталі гэту старую стрэльбу і пачынаюць круціць. Ну, калі хочаце, давайце. Пачынаючы з ваенных пытанняў і заканчваючы іншымі. Я - за".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі