Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 сакавіка 2024, 15:47

Лукашэнка лічыць недаацэненымі запасы нафты ў Беларусі

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недаацэненымі запасы нафты ў краіне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 12 сакавіка на нарадзе аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, нарошчванні геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першае, на што звярнуў увагу Прэзідэнт, гэта ўзровень здабычы нафты ў Беларусі ў часы СССР - каля 8 млн т у год, а па некаторых даных - каля 9 млн т. Спецыялісты, якія прысутнічалі на нарадзе, пацвердзілі гэту інфармацыю. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы задаў слушнае пытанне, чаму да гэтага часу ўзровень здабычы значна знізіўся і якія ёсць магчымасці, каб яго нарасціць.

"Бывала, у савецкі час мы здабывалі каля 8 млн т нафты. Не дарэмна называю лічбу. Нашы прыродныя і геалагічныя ўмовы ў Беларусі ўсе ведаюць. 8 млн т здабывалі нафты, сёння здабываем 2 млн т прыкладна. У чым справа? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Тым, што мы маем, трэба разумна і па-гаспадарску распараджацца, - прадоўжыў ён. - А тое, чаго мы не маем, але разлічваем мець, трэба шукаць. Шукаем дрэнна". Таму кіраўнік дзяржавы бачыць неабходнасць нарошчваць геолагаразведку.
Было адзначана, што ў нафтавай сферы ў "Беларуснафты" ў краіне манаполія. Кампанія сапраўды нядрэнна працуе, валодае прагрэсіўнымі кампетэнцыямі. Аднак патрэбна была і альтэрнатыўная ацэнка стану спраў у гэтай галіне, асабліва што датычыцца разведкі новых прамысловых запасаў чорнага золата.

Спецыялісты адзначаюць, што рэзервы і патэнцыял ёсць, і пацвярджэнне таго - штогадовы прырост разведаных запасаў. Так, не ўсе з іх лёгка і эканамічна мэтазгодна здабываць, улічваючы геалагічныя ўмовы залягання нафты. Размова і не ідзе аб тым, каб здабываць ва ўрон сабе, але галоўная задача - працаваць лепш і якасней. Не бяздумна, але шукаць новыя радовішчы, дзе толькі гэта магчыма, выдзяляць неабходныя рэсурсы. Важна, каб у гэтай сумеснай рабоце адчувалася напружанне і кожны рабіў максімум, што ад яго залежыць.

"Уласныя мінеральна-сыравінныя рэсурсы краіне патрэбны заўсёды. Яны залог суверэнітэту і стабільнага развіцця эканомікі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі б мы сёння мелі 5 млн т нафты, а не каля 2-х, багатай былі б дзяржавай. Вось адкуль прычына разгляду гэтага пытання". Тым больш актуальным Аляксандр Лукашэнка лічыць пытанне выкарыстання ўласнай сыравіннай базы цяпер, калі ў адносінах да Беларусі з кожным годам узмацняецца санкцыйны націск.

"Мяне інфармуюць, што на сённяшні дзень прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць каля 45 млн т. За 2016-2023 гады яны прыраслі на 14 млн т, у тым ліку толькі ў 2023 годзе - на 2,5 млн т, што з'яўляецца рэкордам за апошнія 40 гадоў. Значыць, нешта ёсць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Прымяненне новых тэхналогій, нарошчванне аб'ёмаў сейсмаразведкі і бурэння далі магчымасць, пачынаючы з 2017 года, забяспечыць рост здабычы нафты ў сярэднім на 20 тыс. т у год".
Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць такія тэмпы недастатковымі і арыентуе на комплексны падыход у гэтым напрамку. "Якія перспектывы па распрацоўцы свідравін і што будзем рабіць з цяжкадаступнымі запасамі? На колькі гадоў наперад прапісаны планы не геолагаразведцы? Ці хапае ўласных спецыялістаў і абсталявання?" - паставіў шэраг пытанняў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў эканоміцы няма і не можа быць другарадных тэм, таму што ад яе ўстойлівасці залежыць суверэнітэт краіны і дабрабыт народа. "Гэта самае важнае. Таму яшчэ раз паўтараю: ідзіце і шукайце тое, што трэба краіне", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Зразумела, умовы для здабычы нафты на існуючых у Беларусі радовішчах не самыя простыя і трэба абавязкова ўлічваць эканамічную мэтазгоднасць, але, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць прыклады ў суседніх краінах, у прыватнасці ў Расіі, калі ў падобных умовах радовішчы ўсё ж такі асвойваюцца і ажыццяўляецца здабыча нафты.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі