Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 лютага 2021, 11:08

Лукашэнка: краіне патрэбны прарыўныя інавацыйныя тэхналогіі

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння краіне патрэбны новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што традыцыйна ў гэты час у Беларусі падводзяць вынікі навуковага года і ўручаюць дакументы дактарам навук і прафесарам - разумным, таленавітым і працавітым прадстаўнікам навукова-педагагічнай супольнасці. Прэзідэнт павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з чарговым значным этапам у кар'еры і новым статусам, які адкрывае дадатковыя магчымасці.

"Я заўсёды гаварыў, што мая задача як першага Прэзідэнта незалежнай Беларусі - умацаваць тыя традыцыі, якія былі, і стварыць новыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Адной з такіх новых традыцый ён назваў гэта мерапрыемства - сустрэчу кіраўніка дзяржавы з вучонымі і ўручэнне ім дыпломаў дактароў навук і атэстатаў прафесараў. "Думаю, што і пасля мяне яна застанецца як даніна павагі з боку кіраўніка дзяржавы нашым вучоным", - сказаў Прэзідэнт.

"Сёння краіне патрэбны новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі. Гэта выдатны шанц па-сапраўднаму заявіць пра сябе для тых, хто сапраўды заклапочаны развіццём навукі і лёсам Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, навука даўно стала не толькі інструментам пазнання, але і рэальнай прадукцыйнай сілай, якая вызначае прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Больш таго, яна з'яўляецца важнейшым фактарам умацавання незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы.

"Узровень развіцця навукі прадвызначае ролю і месца краіны на палітычнай карце свету, магчымасці эканомікі і абараназдольнасць. У аснове, як ні круці, - навука. Мы жывём у свеце хутказменлівых трэндаў, ведаў і тэхналогій, і сёння як ніколі ўзрастае значнасць стратэгічных прагнозаў і дакладнасці экспертных ацэнак", - заявіў беларускі лідар.

"Мы ставім вялікія мэты на пяцігодку: значна павялічыць навукаёмістасць валавога ўнутранага прадукту і выйсці на ўзровень інавацыйнага развіцця краін - лідараў Усходняй Еўропы. Маем намер значна рушыць наперад па такіх напрамках, як інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі, нацыянальны электратранспарт, разумныя гарады і іншых. Аднак без вас - людзей навукі, без вашага актыўнага ўдзелу ў гэтых праектах наўрад ці магчыма іх рэалізаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Дыпломы доктара навук кіраўнік дзяржавы ўручыў 9 вучоным. У іх ліку прадстаўнікі гістарычных, медыцынскіх, педагагічных, сельскагаспадарчых, тэхнічных, эканамічных і юрыдычных навук.

Атэстаты прафесара з рук Прэзідэнта атрымалі загадчыца кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Ніна Антановіч (паліталогія), прафесар кафедры спецыяльнай педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяна Лісоўская (спецыяльнасць "педагогіка"), намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч (права), першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Мароз (прафілактычная медыцына).

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на цырымоніі прысутнічалі не толькі тыя, хто атрымаў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара, але таксама вучоныя, якія ўнеслі значны ўклад у поспех сваіх калег, - іх навуковыя кансультанты.

"У гэты прагматычны век дарагога каштуе праца настаўніка, нацэленага на стварэнне навуковай школы і падрыхтоўку маладых вучоных. Гэта па-нашаму, па-дзяржаўнаму", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаўнікам у адукацыі адводзіцца важнейшая роля. "Пасля ВНУ, ужо ў вытворчасці, у жыцці чалавек становіцца сапраўдным спецыялістам. Але без настаўніка быць не можа. Гэтак жа і ў навуцы. Я гэта вельмі цаню", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама станоўча адазваўся аб прадаўжэнні работы ў навуковай сферы прадстаўнікоў старэйшага пакалення. "Дзякуй богу, што ў нас здаровыя старыя людзі, і яны працуюць у Акадэміі навук. Гэта ж скарбніца ведаў, гэта сама навука! - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Таму не трэба перажываць за тое, што ў нас старыя людзі ў адукацыі і навуцы. Ім ёсць што сказаць". Гэта, вядома, ні ў якім выпадку не адмаўляе неабходнасці прыцягнення моладзі, звярнуў увагу Прэзідэнт. Але ён зрабіў акцэнт на пераемнасці пакаленняў: "Як мінулы год паказаў, гэта вельмі важна. Ідзе змена пакаленняў. Важна, каб мы нашай моладзі перадалі вопыт і веды, якія набылі за доўгі час працы".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць таго, каб даследаванні і веды вучоных праецыраваліся на сённяшняе жыццё. "Любую навуку трэба прыстасаваць да сучаснасці, каб яна прыносіла карысць грамадству", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што і сам асабіста вельмі цэніць няпростую працу вучоных і дабіваўся заўсёды, каб у краіне іх дзейнасці ўдзялялася належная ўвага. "Праца вучонага празмерна цяжкая. У навуцы мала працаваць, трэба быць ад прыроды таленавітым чалавекам", - заўважыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што па яго ініцыятыве ў краіне былі прыняты комплексныя меры для таго, каб вучоныя атрымлівалі званні і ступені выключна ў адпаведнасці са сваімі заслугамі, каб гэты працэс стаў справядлівым і аб'ектыўным.

"Веру, што будучыя поспехі вучняў, вашых вучняў і вашы ўласныя навуковыя перамогі дадуць нам яшчэ шмат падстаў для сустрэч у Палацы Незалежнасці", - звярнуўся да прысутных кіраўнік дзяржавы.

Для прадстаўнікоў навуковай сферы прыемным дапаўненнем да ўрачыстай цырымоніі стала арганізаваная экскурсія па залах сімвала беларускай дзяржаўнайсці і суверэнітэту.

У 2020 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія прысудзіла вучоную ступень 347 саіскальнікам, у тым ліку 40 - доктара навук, 307 - кандыдата навук. Уладальнікамі вучоных ступеней сталі 34 замежныя грамадзяніны з 9 дзяржаў (Кітая, Расіі, В'етнама, Лівіі, Украіны, Венесуэлы, Грузіі, Казахстана і Туркменістана).

Найбольшая колькасць вучоных ступеней прысуджана ў медыцынскай сферы - 67 дысертацый (19,3 працэнта ад паспяхова абароненых дысертацый), тэхнічнай - 65 (18,7 працэнта) і эканамічнай - 38 (11 працэнтаў).

Вучонае званне прафесара ў 2020 годзе прысвоена 31 саіскальніку, дацэнта - 313 саіскальнікам. Хадайніцтвы аб прысваенні вучонага звання прадстаўлены ўстановамі міністэрстваў адукацыі (50 працэнтаў) і аховы здароўя (16 працэнтаў), НАН Беларусі (15 працэнтаў), іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання (19 працэнтаў).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі