Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 снежня 2021, 12:17

Лукашэнка: кожны маленькі беларус на справе ведае, што бясконца дарагі і патрэбны сваёй краіне

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што бясконца дарагі і патрэбны сваёй краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час выступлення на дабрачынным свяце ў рамках акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі рады бачыць вас сёння - прыгожых, па-святочнаму апранутых і, самае галоўнае, з усмешкай - на галоўнай ёлцы нашай краіны ў галоўнай зале нашай дзяржавы ў Палацы Рэспублікі. Мы праводзім нашу ёлку ўжо больш як чвэрць стагоддзя. І нават самыя маленькія гледачы першых навагодніх спектакляў, магчыма, ужо самі сталі бацькамі. А нехта, можа, прывёў сюды свайго малыша", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якая стала цудоўнай традыцыяй, жыве і звязвае ўжо два пакаленні беларусаў. "Беларусаў, якія растуць і становяцца дарослымі на добрых і прыгожых гісторыях, расказаных на гэтай сцэне нашымі любімымі артыстамі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што для яго як Прэзідэнта прысутнічаць на гэтым свяце - гэта таксама своеасаблівы падарунак. "Гэта магчымасць на імгненне адысці ад палітычных спраў, часам не вельмі прыемных, і разам з вамі акунуцца ў свет дзяцінства - у свет, у якім ёсць казка, дзе ёсць месца марам і, самае галоўнае, цудам, - заявіў ён. - Я шчаслівы, што за гады правядзення дабрачыннага праекта "Нашы дзеці" кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што ён бясконца дарагі і патрэбны сваёй роднай краіне".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто сёння робіць дзяцінства хлопчыкаў і дзяўчынак шчаслівым і бесклапотным: настаўнікам і выхавальнікам, якія дапамагаюць асвоіць важныя веды; урачам, якія кожны дзень клапоцяцца пра здароўе дзетак; будаўнікам, якія ўзводзяць школы, дзіцячыя сады, палацы спорту, пляцоўкі і паркі для адпачынку; усім, хто вырабляе прыгожае дзіцячае адзенне, цацкі, любімыя прысмакі і карысныя прадукты, рыхтуе снеданні і абеды ў школах і дзіцячых садах.

"Перш за ўсё хачу падзякаваць нашым міліцыянерам і ваенным, людзям у пагонах, якія ахоўваюць мір на нашай зямлі і даюць нам магчымасць дзень пры дні быць шчаслівымі і пад Новы год збірацца ў такім складзе ў гэтай цудоўнай зале. Я ўдзячны арганізатарам навагодніх дзіцячых свят, якія стараюцца ажыццявіць усе вашы пераднавагоднія чаканні і мары. У гэтыя пераднавагоднія дні няма ніводнага дзіцяці ў краіне, якое не было б акружана нашым цёплым клопатам і ўвагай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дарагія нашы дзеці, заўсёды ведайце і помніце: усё, што мы робім напярэдадні Новага года і пасля яго ў звычайныя рабочыя дні, - робім з любоўю і верай у вас", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам выдатнага настрою, моцнага здароўя і радасці ад святочнага спектакля.

Як паведамлялася, у Беларусі з 14 снежня па 14 студзеня праходзіць дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". У гэтыя дні вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты, бальніцы, шматдзетныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

Асноўнай падзеяй акцыі па традыцыі з'яўляецца галоўная ёлка краіны - дабрачыннае навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта і паказам навагодняга спектакля. Праграма свята ў гэтым годзе прадугледжвае маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу "Чарадзейная сіла" ў выкананні лепшых творчых калектываў краіны, культурную праграму і падарункі ад кіраўніка дзяржавы.

У Палац Рэспублікі запрошаны больш за 2,3 тыс. дзяцей ва ўзросце 8-14 гадоў. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхавальнікі інтэрнатаў, дзеці-інваліды, хлопчыкі і дзяўчынкі са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем'яў ваеннаслужачых, дзеці, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, навучэнцы, якія дабіліся высокіх вынікаў у вучобе, спорце, творчасці і грамадскай рабоце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі