Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 лютага 2023, 11:00

Лукашэнка: Кітай можа ўраўнаважыць цяперашнюю сітуацыю, дзякуючы чаму ўзнікне шматпалярны свет

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітай можа ўраўнаважыць цяперашнюю сітуацыю, дзякуючы чаму ўзнікне шматпалярны свет, да якога імкнуцца незалежныя, суверэнныя краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кітайскім СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазітыўна ацэньвае ініцыятыву Кітая і яго лідара аб неабходнасці глабальнага міру і лічыць яе вельмі прагматычнай. "Толькі ў мірных умовах, у мірным развіцці нашай планеты поспех у тым ліку і кітайскага народа. Будзе мір - ніхто Кітаю не перашкодзіць стаць глабальнай дзяржавай. А Кітай ужо стаў такой краінай, без якой не вырашаецца нічога ў свеце. Далейшае развіццё Кітая звязана толькі з мірам. Гэта такі прагматычны падыход", - сказаў ён.

Безумоўна, мір патрэбны і іншым народам, таму ініцыятыва КНР станоўча ацэньваецца многімі. "Ідэя вялікага Кітая і яго лідара аб глабальным міры - гэта вялікі ўклад у мірнае развіццё ўсёй планеты. Гэта выгадна і Еўропе, і Украіне, і Беларусі, і Амерыцы. Толькі мір. Вайна прывядзе да катастрофы, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Мы рады, што Кітай, гэты старажытнейшы народ, нарэшце пачынае адыгрываць вызначальную ролю на нашай планеце. Мы на гэта вельмі спадзяёмся і разлічваем яшчэ і таму (у гэтым наш прагматызм), што гэта наш вялікі сябар".

Разам з тым, як было адзначана ў час інтэрв'ю, краіны калектыўнага Захаду, прыкрываючыся фальшывымі мэтамі аб абароне незалежнасці і суверэнітэту, умешваюцца ва ўнутраныя справы асобных дзяржаў, правакуючы канфлікты і дэстабілізацыю абстаноўкі. Такі негатыўны ўплыў зведала на сабе ў тым ліку і Беларусь.

"Неразумная бесперспектыўная палітыка, - так адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытанне, як ён ацэньвае такія паводзіны краін Захаду. - Мы тут зведалі такую агрэсію праз так званую каляровую рэвалюцыю. Яна ў нас праявілася ў форме мяцяжу. Але і Кітай зведваў гэта. Яны спрабавалі вас хістаць у Ганконгу, на поўдні Кітая. Яны ўлезлі нават у інтарэсы вялікага Кітая".

"І ўсюды яны цяпер церпяць паражэнне, - прадоўжыў беларускі лідар. - Яны змаглі перамагчы толькі там, дзе дзяржавы былі слабыя, дзе фактычна не было ўзброеных сіл, якія маглі б ім процістаяць. Алжыр, Туніс, Лівія, Сірыя, Ірак - гэтыя краіны фактычна амерыканцамі знішчаны. Чаму? Таму што яны не маглі супраціўляцца, у іх не было такой магчымасці. Гэта былі каланіяльныя краіны, адкуль выпампоўвалі нафту і вывозілі ў ЗША. Але свет змяніўся. Сітуацыя памянялася. Сёння Лівіі практычна няма, але ўзброеныя падраздзяленні ў Лівіі існуюць. І нават амерыканцы ў Лівіі з імі ўжо не могуць справіцца. Вазьміце Сірыю: амерыканцы там не дамінуюць". Працягваючы гэты шэраг прыкладаў, Прэзідэнт адзначыў, што амерыканцы, выкарыстоўваючы канфлікт ва Украіне, разлічваюць адцягнуць увагу Расіі ад Лівіі.

Часта для грубага ўмяшання ў справы іншых дзяржаў у якасці падставы ЗША і краіны Захаду выкарыстоўваюць барацьбу за правы чалавека. У выпадку з Кітаем размова ідзе аб уйгурах. "Нагнятанне сітуацыі, што там няма правоў чалавека… Вось амерыканцы прыйдуць і ўстановяць "дэмакратыю" уйгурам і дапамогуць з правамі чалавека… Лухта гэта ўсё. Толькі Кітай зможа на сваёй тэрыторыі ўсім народам даць права свабодна жыць і існаваць. Толькі Кітай сваёй магутнасцю і палітыкай можа забяспечыць нармальнае існаванне гэтых народаў. Амерыканцы проста праз гэта хочуць улезці (у дадзеным выпадку - у Кітай) і распаліць грамадзянскую вайну. Ім трэба аслабіць Кітай. Таму яны шукаюць розныя шляхі і кропкі, на якія яны змогуць націскаць і кіраваць асобнымі дзяржавамі. І не толькі дзяржавамі, а цэлымі рэгіёнамі", - даходліва растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак свет змяніўся, і сёння нават у ЗША не атрымаецца весці войны на ўсіх франтах, упэўнены беларускі лідар. "Таму трэба дамаўляцца. Усюды трэба дамаўляцца. У Японіі, Карэі, Кітая, Расіі, Індыі, іншых краін ёсць свае інтарэсы. Нават у Афрыцы, якая развіваецца, - у іх свае інтарэсы. Буйныя краіны павінны іх улічваць, а не праводзіць палітыку неакаланіялізму, як гэта спрабуе рабіць Захад у Афрыцы (я нядаўна быў у Афрыцы і добра знаёмы з гэтымі працэсамі). Свет павінен развівацца толькі ў гэтым ключы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Увесь свет, людзі разлічваюць, што Кітай зможа ўраўнаважыць цяперашнюю сітуацыю і дзякуючы гэтаму ўзнікне шматпалярны свет, да якога і Кітай, і іншыя краіны, незалежныя, суверэнныя краіны, імкнуцца", - заявіў Прэзідэнт.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі