Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 лютага 2021, 12:28

Лукашэнка: кавід лячыць трэба, не забываючы пра лячэнне і іншых захворванняў

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нараўне з эфектыўным лячэннем COVID-19 варта ўдзяляць належную ўвагу лячэнню іншых захворванняў, у тым ліку анкалагічных. На гэта кіраўнік дзяржавы звярнуў сёння ўвагу ў час размовы з прадстаўнікамі навуковай сферы пасля афіцыйнай цырымоніі ўручэння дыпломаў дактароў навук і атэстатаў прафесараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчы доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дзмітрый Данілаў расказаў пра беларускі вопыт лячэння гепатыту С, які прыкметны і на міжнародным узроўні. Паводле яго слоў, Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначыла Беларусь як адну з краін з найбольшымі поспехамі па доступе насельніцтва да лячэння віруснага гепатыту С.

Дарэчы, вучоная ступень доктара медыцынскіх навук была прысуджана Дзмітрыю Данілаву якраз за ўстанаўленне генетычных фактараў, якія вызначаюць эфектыўнасць лячэння хранічных вірусных гепатытаў В і С, і доказ высокай эфектыўнасці лекавых сродкаў прамога процівіруснага дзеяння, якія вырабляюцца ў Беларусі для лячэння пацыентаў з вірусным гепатытам С. Ён аўтар больш як 110 навуковых работ.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы выступленне доктара медыцынскіх навук аб вопыце лячэння віруснага гепатыту, адзначыў: "Для нас гэта вельмі актуальна цяпер. Мы заняліся кавідам і забылі, што трэба лячыць і іншыя хваробы. Мы пра гэта гаварылі яшчэ ў пачатку першай хвалі - што кавід кавідам, але не трэба забываць і пра іншыя захворванні. І вы, напэўна, заўважылі: вось Еўрапейскі саюз цяпер пачаў гаварыць пра анкалогію. Бяда. Хто-хто, а хворыя на анкалагiчныя захворваннi чакаць жа не могуць. Пайшла смяротнасць ад анкалогіі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі гэтай праблеме ўдзялілі ўвагу яшчэ пры першай хвалі, а таксама пры другой хвалі: "Стараліся анкалагічныя цэнтры не перагружаць лячэннем іншых хвароб".

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў Еўропе цяпер укладаюць вялікія сродкі ў ратаванне людзей ад анкалагічных захворванняў. "Таму ваша тэма сугучная з гэтай праблемай нашага няпростага часу", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы выстуленне Дзмітрыя Данілава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі