Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 сакавіка 2023, 18:06

Лукашэнка: кантроль цэн у Беларусі не прадугледжвае планавую эканоміку, як у Савецкім Саюзе

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантроль цэн у Беларусі не прадугледжвае планавую эканоміку, як у Савецкім Саюзе. Адпаведныя заявы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца кантролю цэн. Не мы павінны камандаваць. Вось першы крок зрабілі, па галаве надавалі (адказным за цэнаўтварэнне. - Заўвага БЕЛТА) - зразумелі палітыку дзяржавы: справядлівыя цэны. А далей яны самі павінны па вашых правілах, якія вы выпрацавалі, устанаўліваць цэны. Мы не адрэгулюем ім цэны. Няма планавай эканомікі, як у Савецкім Саюзе", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што неабходна даводзіць пэўную планку, знаходзіць аптымальны варыянт, каб, з аднаго боку, не завышаліся цэны, а з іншага - не стварыць дэфіцыту тавараў. "Трэба бачыць дакладны прагноз, а не бачыш - тады будзем чакаць па факце", - сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць правільным, калі самі вытворцы і гандаль будуць устанаўліваць цэны. Але пры гэтым павінна быць тая самая планка, устаноўленая правіламі дзяржаўнага рэгулятара, якую нельга пераступіць. "Таму трэба менавіта да гэтага прыйсці. А так яны прыбягуць і скажуць: "Вы нам абмежавалі!" А мы ж кожнаму сабекошт не палічым. Мы ж разумеем як эканамісты, што ўсё не палічыш. Таму павінен быць парадак нейкі, каб яны разумелі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пытанні цэнаўтварэння ён строга патрабаваў навесці парадак, аж да крымінальнай адказнасці. Ён таксама адзначыў, што не павінна быць перакосаў у сацыяльным плане і звышдаходаў у гандлі, калі месячныя зарплаты даходзяць да некалькіх дзясяткаў тысяч долараў: "Гэта што, нармальна? Што, лягчэй ва ўрадзе, чым яму, працаваць? Не. У сем разоў складаней. Але ў вас зарплата ў 10 разоў меншая. А то і больш, чым у 10 разоў. Але няўжо гэта справядліва? І людзі ж гэта бачаць. І думаюць: "А куды Прэзідэнт глядзіць?"

"Таму не трэба адступаць. Але трэба выпрацоўваць нармальныя метады, якія спрацуюць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі