Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 студзеня 2024, 12:53

Лукашэнка: кантроль якасці беларускіх тавараў і паслуг будзе пастаўлены на больш высокі ўзровень

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантроль якасці беларускіх тавараў і паслуг будзе пастаўлены на больш высокі ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб асноўных напрамках работы па ўдасканаленні якасці ў 2024 годзе і Знаку якасці Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перад нарадай у Палацы Незалежнасці кіраўнік дзяржавы азнаёміўся са спецыяльнай выстаўкай "Знак якасці: традыцыя мінулага і сучаснае". Кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў і ветэраны вытворчасці прадставілі айчынную прадукцыю, якая ў савецкія гады была ўдастоена Знака якасці СССР, а таксама тавары, якія прэтэндуюць на Дзяржаўны знак якасці Беларусі ў 2024 годзе. Спектр экспануемай прадукцыі вельмі шырокі - ад харчовай галіны да машынабудавання.

"Першая наша рабочая нарада ў гэтым годзе на ўзроўні Прэзідэнта датычыцца галоўнай тэмы - Года якасці. Мы вызначылі вельмі амбіцыйную мэту: паставіць кантроль якасці вырабляемых тавараў і паслуг, якасці жыцця краіны на больш высокі ўзровень, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь можа ганарыцца сваімі якаснымі таварамі, але каб быць у трэндзе, каб канкурыраваць з лепшымі сусветнымі ўзорамі, трэба крыху дабавіць, трэба заслужыць гэты знак якасці".

У гэтым імкненні беларусам ёсць ад чаго адштурхоўвацца, падкрэсліў Прэзідэнт. Па-першае, ад традыцый - рэспубліка захавала пераемнасць савецкай эпохі.

"Гэты гістарычны перыяд даў старт нашаму нацыянальнаму развіццю. Цяпер вы разумееце, чаму (як мяне крытыкавалі) я "чапляюся" за той савецкі час: калі б не было таго савецкага часу, не было б самых сучасных і новых узораў. Знішчыць усё - прасцей, але на базе чаго мы стваралі б новыя, прагрэсіўныя ўзоры? Гэтай базы не было б. Разумныя людзі захоўваюць і развіваюць усё тое, што назапашана ранейшымі пакаленнямі. Мы гэта зрабілі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што эканоміка БССР з’яўлялася адной з найбольш тэхналагічных і развітых сярод іншых саюзных рэспублік. "Перажыўшы разруху 90-х, нам няпроста было зберагчы створаныя працай савецкіх людзей стандарты якасці, але мы гэта змаглі зрабіць, - заявіў ён. - Людзі ў такі пераплёт трапілі, што дзявацца проста не было куды. Выкарабкаліся. Сёння ствараем самыя сучасныя ўзоры тэхнікі. Але гавару адкрыта: якасці яшчэ не хапае. У спіну дыхаюць нашы канкурэнты. І ўсё, што мы вырабляем у Беларусі, вырабляецца ў дзясятках краін свету".

Па-другое, у Беларусі сфарміраваны імідж пераемніцы лепшых савецкіх дасягненняў. І тое, як беларусы спраўляюцца з сучаснымі выклікамі, дэманструе разумнасць і дальнабачнасць выбару народа, адзначыў Прэзідэнт.

"Па-трэцяе, мы бачым усё большы попыт на каштоўнасці сацыяльнай дзяржавы. І не толькі на постсавецкай прасторы - па ўсім свеце. Вяртанне да гэтых каштоўнасцей - пытанне якасці жыцця людзей: духоўнай сферы, эканамічнага дабрабыту, сацыяльнай справядлівасці. Усё тут узаемазвязана. Таму, калі мы гаворым аб якасці і што рабіць, чагосьці чакаем (праграма, зразумела, будзе), чакаць нічога не трэба. Калі хтосьці не ведае, з чаго пачаць, пачынайце з сябе: своечасова прыходзьце на сваю работу і рабіце сваю справу вельмі якасна. Тут кожны ведае, як гэта рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі