
2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канчаткова расставіў кропкі над "i" ў пытанні нашэння і выкарыстання ў Беларусі сімволікі георгіеўскай стужачкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да гэтай тэмы ў самым пачатку сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Ігарам Бабушкіным, дзе прысутнічаў і пасол Расіі Барыс Грызлоў. Раней Аляксандр Лукашэнка выказваўся па гэтым пытанні ў Валгаградзе на перагаворах з Уладзімірам Пуціным. Такая ўвага звязана са спробамі ў пэўных колах штучна раскруціць гэта пытанне і зрабіць прычынай разладу ў беларуска-расійскіх адносінах. Бачачы гэту тэндэнцыю, Аляксандр Лукашэнка адкрыта адрэагаваў, каб спыніць магчымыя інсінуацыі.
"Ну мы вам адказалі з Уладзімірам Уладзіміравічам наконт стужачак. Што мяне здзівіла, ён кажа: "Слухай, раскажы мне, у чым справа". Я гавару: "Я думаў, гэта ад цябе ўсё ідзе". - Не, я першы раз чую. - Ну кажу, тады, напэўна, ад нашага агульнага сябра. - Ад каго? - Я гавару: "Ну як, ад Барыса Вячаслававіча (пасла Расіі Барыса Грызлова. - Заўвага БЕЛТА)". Засмяяўся (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА), гаворыць: "Не, не можа быць". Ён кажа: "Адкуль?". Я гавару: "Ты паглядзі, можа, ад "Рассупрацоўніцтва" (расійскае агенцтва. - Заўвага БЕЛТА). Я не сцвярджаю", - расказаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з расійскім калегам.
"Хочаце са стужачкамі (я і яму сказаў) - калі ласка, хочаце з нашымі стужачкамі (беларускімі. - Заўвага БЕЛТА) - калі ласка. Хто як хоча. Мы ж свае людзі. Мы ж не носім свастыку, як ва Украіне. Вы прапанавалі нам. У гэтым плане мы вызначыліся. Думаю, сваё павінна быць нейкае адрозненне", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі праводзяць акцыю "Беларусь памятае", якая падобна да расійскага шэсця "Бяссмяротны полк". "Тое ж самае фактычна. І партрэты нясуць. Хто нясе, хто не нясе - справа кожнага. Мы тады моладзі прапанову ўзялі (гэта было маё рашэнне) - моладзь прапанавала, камсамольцы нашы. Вось яны прапанавалі гэты варыянт. Тым больш, моладзь - будучыня. Добры варыянт. Не ўкраінскі. Я гавару: "Добра, няма пытанняў". Нехта хоча прайсці з георгіеўскай, нехта... Але не трэба проціпастаўляць адзін аднаму. Разам давайце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Разам і ходзім", - адрэагаваў Барыс Грызлоў.
"Так, гэта і будзе правільна. А людзі няхай вызначаюцца, як яны. Таму вось, каб вы ведалі, якая размова, калі вы (Барыс Грызлоў. - Заўвага БЕЛТА) мне некалі аб гэтым гаварылі", - дадаў беларускі лідар.
Як паведамлялася, на перагаворах з Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі акрамя праводзімага па ініцыятыве Расіі шэсця "Бяссмяротнага палка", у рамках якога ў якасці сімволікі выкарыстоўваецца георгіеўская стужачка, моладзь раней ініцыявала штогадовую акцыю "Беларусь памятае". "Калі вы адкрывалі шэсце "Бессмяротны полк", мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі. Але моладзь паралельна з георгіеўскімі стужачкамі і шэсцем палка (ініцыявала акцыю. - Заўвага БЕЛТА) "Беларусь памятае". І ніхто не забараняе ні ў якім выпадку георгіеўскія стужачкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нічога дрэннага не бачу, калі нехта хоча георгіеўскую стужку. Нехта хоча "Беларусь памятае" - гэтыя знакі (сімволіку акцыі. - Заўвага БЕЛТА). Разам ідуць. Ніхто там нічога не дзеліць. Ну некаму ж трэба пашумець".-0-