
8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калі Беларусь не будзе ствараць аб'екты будучага, то краіна будзе залежнай. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 мая на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі не будзем арыентавацца на будучае, калі не будзем ствараць аб'екты будучага, мы будзем пастаянна залежнымі, пастаянна нас у спіну будуць штурхаць. А вы будзеце на кухні шушукаць: у які склад мы ўвойдзем заўтра, у якую краіну? Мы нікуды не збіраемся ўваходзіць. Мы заўсёды будзем стаяць побач. Але каб стаяць побач, мы павінны быць цікавыя тым, хто з намі побач. Мы павінны гэта ўмець (рабіць. - Заўвага БЕЛТА) уласнымі рукамі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таму, звярнуў увагу ён, трэба ўвесь час ісці за перадавым вопытам, пераймаць кампетэнцыі, як гэта было, напрыклад, у выпадку з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі або з узвядзеннем Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. "У гэтым была задума гэтага чарговага тварэння", - адзначыў Прэзідэнт.
У хуткім часе ў Мінску з'явіцца яшчэ адзін знакавы аб'ект, дзе таксама будуць выкарыстаны сучасныя тэхналогіі. Размова пра музей беларускай дзяржаўнасці - Нацыянальны гістарычны музей, будаўніцтва якога пачата ў Парку народнага адзінства. "Мы павінны паказаць, што мы не проста асколак нечага. Мы павінны паказаць, што гэта зямля даўно нарадзіла беларусаў. Даўным-даўно. Можа, задоўга да многіх нашых суседзяў. Мы вось адтуль. Мы - тысячагадовыя. Сустракаючыся з амерыканцамі, я часта гавару так, жартам: "Мужыкі, вам колькі гадоў? Ну, трыста. А нам больш за тысячу". І мы павінны гэта паказаць. Перш за ўсё сваім дзецям, самім сабе. Што мы - адтуль. А вось гэтага мы дасягнулі за гэты час", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паказваючы свае магчымасці, Беларусь дэманструе нязменную адкрытасць і гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам, пастаўляць тэхналогіі і прадукцыю партнёрам за мяжой. Так адбываецца, напрыклад, з афрыканскімі краінамі. Пачалося ўсё ў свой час з супрацоўніцтва з Зімбабвэ і паставак туды айчыннай сельгастэхнікі, трансферу тэхналогій, сэрвісных цэнтраў і цэнтраў па абучэнні мясцовых спецыялістаў.

"Яны зразумелі, што мы не каланізатары, як некаторыя былі раней - французы, англічане і іншыя. Мы прыйшлі з дабром, мы хочам ім даць тэхналогіі і навучыць. Для іх сёння галоўнае - накарміць народ. Мы можам гэта рабіць? Можам", - сказаў Прэзідэнт. Дзякуючы супрацоўніцтву з Беларуссю, Зімбабвэ, напрыклад, удалося ў апошнія гады вырасціць і сабраць рэкордны ўраджай збожжавых, забяспечыўшы не толькі ўласныя патрэбнасці, але і пачаўшы экспартныя пастаўкі.-0-