Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 студзеня 2022, 17:05

Лукашэнка: калі дапусцім нестабільнасць, то ні прэзідэнты, ні парламент, ні УНС не будуць патрэбны

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся сёння з Пасланнем да беларускага народа і парламента, прызнаўся, што ганарыцца беларусамі, якія пераадолелі кінутыя выклікі, сталі мацнейшымі, мудрэйшымі і зразумелі, што сіла ў адзінстве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вяршыняй прававых змяненняў, якія прымаюцца ў краіне, прызначана стаць абноўленая Канстытуцыя. Яна раскрые рэзервы для стваральнай працы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. "Канстытуцыя - гэта заўсёды дагавор дзяржавы і грамадства", - адзначыў ён.

"Дзеючы Асноўны закон, па сутнасці, выканаў сваю гістарычную місію. У свой час мы не толькі адвялі народ ад прорвы - першая мая праграма, больш я нічога не абяцаў. Тады, у сярэдзіне 1990-х гадоў, народ трэба было адвесці ад прорвы. Мы не толькі адвялі, але і сфарміравалі сваю ўласную дзяржаву. Беларусь навекі заняла, як сказаў паэт, свой "пачэсны пасад мiж народамi", - канстатаваў Прэзідэнт. Цяпер час ісці далей, упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо завершана грамадскае абмеркаванне праекта Канстытуцыі і абноўлены Асноўны закон вынесены на рэферэндум, як і было абяцана.

"Яшчэ да падрыхтоўкі шостага Усебеларускага народнага сходу мы абагульнілі тысячы прапаноў дыялогавых пляцовак, звязаных з канстытуцыйным будаўніцтвам. На працягу года працавала Канстытуцыйная камісія. Заўважце, там былі розныя спецыялісты", - нагадаў Прэзідэнт.

На яго думку, абноўленая Канстытуцыя створыць прававыя асновы для павышэння ўстойлівасці і эфектыўнасці работы органаў улады і кіравання, паставіць кропку ў дыскусіях аб форме праўлення.

"Пры гэтым важна разумець, што канцэнтрацыя прэзідэнцкай улады ў такім аб'ёме ўжо не патрэбна. І, паверце мне, вельмі складана будзе будучым прэзідэнтам такую канцэнтрацыю несці на сваіх плячах", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі з'явілася праслойка сапраўдных дзяржаўнікаў, патрыётаў, самастойных і прафесійных кіраўнікоў, гатовых узяць на сябе больш шырокія паўнамоцтвы, сфарміраваць эфектыўныя структуры кіравання і дзейнічаць зыходзячы са спецыфікі кожнай галіны і кожнага рэгіёна. "Усім бачна рэальная работа галін улады, асабліва за апошні год", - заўважыў Прэзідэнт.

Асобны акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на тым, што новым суб'ектам палітыкі стане Усебеларускі народны сход. "Гэта будзе вышэйшы прадстаўнічы орган у краіне, які сумесціць у сабе традыцыі і лепшыя практыкі беларускага народаўладдзя. На працягу больш як чвэрці стагоддзя гэты інстытут зарэкамендаваў сябе сапраўдным народным веча. Ён ужо ёсць. Мы нічога не выдумваем, настаў час зрабіць яго канстытуцыйным", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У замацаванні статусу УНС у Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы бачыць толькі пазітыўныя вынікі: "І што мы страцім, калі збяромся тут, паслухаем адзін аднаго? Вы ўбачыце, пачуеце кіраўніка дзяржавы і зробіце адпаведныя высновы. Што ў гэтым дрэннага?"

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што з'яўленне УНС у Канстытуцыі не робіцца дзеля яго асабістых інтарэсаў і ў сувязі з гэтым заклікаў не падпяваць тым збеглым, якія сцвярджаюць адваротнае: "Ні пад каго Усебеларускі народны сход не ствараецца, тым больш пад дзеючага Прэзідэнта. Прымеце вы рашэнне - гэты Прэзідэнт пойдзе на спачынак, ён ужо зрабіў сваю справу. Палічыце патрэбным, каб я яшчэ нешта зрабіў у гэтай краіне, - вы скажаце. Я не забранзавеў. Вы заўсёды можаце мне прама ў лоб сказаць усё тое, што я павінен рабіць або не рабіць".

"Што б я ні ствараў у Беларусі, запомніце галоўнае: мая заслуга будзе ў тым, калі мне як Прэзідэнту і вам, эліце нашага грамадства, удасца захаваць мір і стабільнасць, якія ў нас ёсць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі мы, цяперашняе пакаленне, дапусцім у Беларусі нестабільнасць, то і прэзідэнты, і парламенты, і УНС - яны нікому не патрэбны будуць. Народ выкрасліць іх з памяці, як гэта нядаўна здарылася ў вядомай дзяржаве, можа, часам незаслужана. Зыходзьце з гэтага. Галоўнае - захаваць мір, спакой і саму краіну".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі