Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 студзеня 2021, 13:22

Лукашэнка: я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што не з'яўляецца ворагам уласнаму народу і перш за ўсё самому сабе, і толькі выбары могуць вырашыць пытанне, калі некаму не падабаецца цяперашні кіраўнік дзяржавы. Аб гэтым ён заявіў сёння, сустракаючыся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву холдынга "Гарызонт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаменціраваць рашэнне аб'явіць 2021-ы Годам народнага адзінства. "Я проста хачу пацвердзіць, што я гэта рабіў не для таго, каб нешта некаму паказаць. Хоць і ў гэтым, напэўна, ёсць сэнс, каб людзі разумелі, што я не вораг уласнаму народу і сам сабе перш за ўсё. Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні Прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэта пытанне. Толькі выбары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы, асабліва ў Мінску, павінны разумець, што акрамя Мінска ў нас (уся астатняя. - Заўвага БЕЛТА) Беларусь. Кажуць, маленькая. Яна вялікая! - падкрэсліў беларускі лідар. - Так, вы (моладзь. - Заўвага БЕЛТА) - будучыня. Мы пойдзем. Вам потым берагчы гэту краіну. Вы - будучыня. Але выбары - гэта ж калі і ў маладога чалавека (18 і больш гадоў), і ў старога - бюлетэні аднолькавыя".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не парушаць закон і кожнаму займацца сваёй справай, развіваючы вытворчасці, і ў першую чаргу думаць не пра сябе, а пра сваіх дзяцей, дзе яны ў далейшым будуць працаваць.

"Няхай гэта меншасць, але гэта мае людзі, як бы ні пафасна гучала", - сказаў кіраўнік дзяржавы пра тых, хто процістаіць дзеючай уладзе.

"Калі нехта аблудны быў, я таксама хачу, каб яны пачулі: іншага кавалка зямлі ў нас не будзе. І не забывайце, мы (вось гэта імгненне важнейшае) можам страціць усё. Незваротна. Мы ўжо ніколі не вернемся да гэтага", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі