Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 верасня 2022, 19:58

Лукашэнка: я хачу, каб мы ўсе былі беларусамі, а не нечымі "крэсамі"

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся, а ў абдымках Захаду - гінулі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на патрыятычным форуме "Гэта НАША гісторыя!", прысвечаным Дню народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы будзем памятаць - без гэтага нельга! - і нагадваць усім аб тым, што ў саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся (і Кіеўская Русь, і Расійская імперыя, і СССР), а ў абдымках Захаду (не аднойчы мы знаходзіліся там) - мы гінулі, мы загнівалі як нацыя. Нас рабавалі, знішчалі як этнас і ў эпоху Рэчы Паспалітай, і ў перыяд 20-гадовага польскага парадку на нашых заходніх землях. Землях, якія і сёння польскія эліты называюць сваімі "ўсходнімі крэсамі". Вы ведаеце, мы не беларусы, мы проста "крэсы нейкія". І калі вы ацэньваеце, і сёй-той думае: "Вось гэтыя бедныя збеглыя там сядзяць…" Якія яны беларусы? За якую яны незалежнасць? Яны за "крэсы". А я хачу, каб мы беларусамі былі. Каб дзеці нашы былі беларусамі. А беларусамі мы будзем толькі на сваёй зямлі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Успомніце: не паспеўшы атрымаць літаральна з рук ленінскага Саўнаркама сваю дзяржаву пасля больш як 100-гадовага перапынку, польскія ўлады адразу ж выставілі прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі. З пазіцыі сённяшняга дня мы бачым непазбежнасць гэтай геапалітычнай катастрофы ў нашай гісторыі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як паказаў потым час, воля процістаяць агрэсару ў народа была, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Не было адзінства ў правячых колах, якія ў пачатку ХХ стагоддзя стаялі ля вытокаў стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы, звярнуў ён увагу.

"Наша зямля, спустошаная германскай акупацыяй (гэта ў пачатку стагоддзя, не ў сярэдзіне), была тады змучана ўнутрыпалітычнымі разладамі. У 2020 годзе нам гэта хацелі падкінуць, гісторыя паўтараецца. Адны - мясцовыя нацыяналісты з ліку прыхільнікаў БНР - марылі пра ўладу любой цаной. Так было ў 2020-м - гэта ўжо наследнікі іх. Яны думалі толькі пра ўладу: як схапіць, парваць, падзяліць паміж сабой. Нават тады, у пачатку стагоддзя, яны гатовы былі гэта рабіць пад ботам кайзера, пад ботам немцаў. У сярэдзіне мінулага стагоддзя гэта зноў паўтарылася. Другія жылі марамі аб сусветнай рэвалюцыі: мала было на гэтай тэрыторыі, трэба было ажыццявіць сусветную рэвалюцыю. І ў першым, і ў другім выпадку інтарэсы нашага народа альбо адмаўляліся ў прынцыпе, альбо адсоўваліся ўбок як "нясвоечасовае" пытанне. Нашы інтарэсы былі не ў час, яны ігнараваліся. Чаму? Таму што мы не былі гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы не былі суверэннымі. Нічога ў нас не было: ні дзяржавы, ні ўлады і зямлі не было. Таму і перакройвалася карта рэспублікі як хочаш і кім хочаш. І самае страшнае - без удзелу саміх беларусаў", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь у 1921 годзе пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора складалася з 6 паветаў былой Мінскай губерні на плошчы крыху больш за 52 тыс. кв.км. Насельніцтва краіны тады складала амаль паўтара мільёна чалавек. "І мірным для заходніх беларусаў гэты дагавор не быў. Цана тэрытарыяльных страт - паламаныя лёсы мільёнаў беларусаў. Яшчэ жывыя тыя, чыя памяць захоўвае ўспаміны аб пакутлівых 18 гадах жыцця па розныя бакі мяжы, што прайшла не толькі праз вёскі, гарады, але і праз людскія душы і сэрцы. Мяжы, якая падзяліла адзіны народ", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, тады адданыя сваім традыцыям, культуры, веры і мове беларусы калі што і мелі, то горкі сірочы хлеб, рабскую працу і разбураныя сем'і.

"І яны самі ўзняліся на барацьбу. Усталі на абарону нацыянальнай культуры, мовы, сваёй чалавечай годнасці, разгарнуўшы маштабны партызанскі рух і расплачваючыся - ужо тады, да Вялікай Айчыннай вайны - за свабоду сваімі жыццямі. Гісторыкі налічылі некалькі соцень буйных і дробных паўстанняў беларусаў і ўкраінцаў за 20-гадовы польскі міжваенны перыяд: ад Першай сусветнай вайны да Вялікай Айчыннай. Мы памятаем тую жорсткасць, з якой было падаўлена Скідальскае паўстанне, калі польскія жандары рэзалі ўсіх запар, не шкадуючы старых, жанчын і дзяцей. Памятаем дзікія катаванні вязняў канцлагера Бяроза-Картузская. І будзем памятаць герояў, якія сталі сімваламі народнага супраціўлення ў Заходняй Беларусі: і Сяргея Прытыцкага, і Веру Харужую, дзеда Талаша, Кірыла Арлоўскага, Станіслава Ваўпшасава і іншых нашых землякоў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сіла і веліч непакоранага беларускага духу адлюстроўваецца ў творчасці Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Максіма Сеўрука, Рыгора Шырмы і многіх іншых. "Бачым, адчуваем і памятаем", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі