
Фота з архіва
Навіны сюжэта
"Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"
26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Імпартазамяшчэнне ў Беларусі і Расіі закранула нават выбарчы працэс. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня заявіў журналістам у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь забяспечвае сябе самым неабходным, без чаго людзі не могуць абыходзіцца. У краіне вырабляецца дастаткова прадуктаў харчавання выдатнай якасці. Больш таго, яны экспартуюцца ў многія краіны. Захаваная з савецкіх часоў прамысловасць, якая развіваецца і таксама пастаўляе сваю прадукцыю на экспарт, дзеліцца сваімі тэхналогіямі з іншымі краінамі.
"Для жыцця чалавека мы забяспечылі ўсё, але трэба развівацца. Трэба вырабляць тавар, які прынясе валюту. Мы стварылі БНБК, ствараем іншыя прадпрыемствы, якія, магчыма, нам і не патрэбны ў краіне, але вялікі попыт на міжнародных рынках", - сказаў Прэзідэнт.

У апошнія гады Беларусь уцягнута ў працэс імпартазамяшчэння, які актывізаваўся ў Расіі пасля ўвядзення санкцый. "Я ўжо расіян пачынаю агітаваць: пацярпіце, давайце не на "Мерседэсах" будзем перамяшчацца пакуль, а на "Масквічах", "Ладах". Нядрэнныя ж… Тэхналогіі таксама яны (заходнікі. - Заўвага БЕЛТА) прывозілі. Давайце паднапружвацца, мабілізоўвацца, і праз некаторы час мы дагонім іх, мы ўмеем многае рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Сумесная беларуска-расійская работа па імпартазамяшчэнні выгадная для абедзвюх краін, упэўнены Прэзідэнт. "У нас гэты працэс сур'ёзна рухаецца наперад. Мы ўжо дайшлі да імпартазамяшчэння нават у выбарчым працэсе", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, Беларусь і Расія забяспечылі сабе "выбарчы суверэнітэт" на аснове свайго заканадаўства, а не нейкіх міфічных "дэмакратычных каштоўнасцей і прынцыпаў". "Мы зрабілі сваё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ужо не па вашым шляху ідзём, ужо сваім шляхам ідзём, але ўлічваючы ваш вопыт".-0-