Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 верасня 2021, 11:41

Лукашэнка і Васілевіч падыскутавалі на тэму імпічменту і не толькі

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі выказаўся па шырокім коле тэм. У прыватнасці, рэагуючы на выступленні і прапановы, агучаныя доктарам юрыдычных навук, заслужаным юрыстам Рыгорам Васілевічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рыгор Васілевіч выказаў меркаванне, што ў працэдуры адхілення ад пасады кіраўніка дзяржавы, калі ўзнікнуць такія ўмовы і неабходнасць, павінен быць задзейнічаны не толькі Усебеларускі народны сход, якому плануецца надаць канстытуцыйны статус, але і парламент. "Так, канчатковае рашэнне за сходам. Але механізм папярэдні, магчыма, варта было б захаваць якраз за парламентам", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэты тэзіс, выказаўшыся ў тым ліку наконт цяперашняй працэдуры імпічменту кіраўніку дзяржавы, якая прадугледжана ў Канстытуцыі. "У прынцыпе, калі паставіць пытанне, ці магчыма па гэтай Канстытуцыі аб'явіць імпічмент Прэзідэнту? Адказ адназначны - не. Практычна - не", - сказаў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў той час, калі фарміравалася цяперашняя Канстытуцыя, у грамадстве быў разлад, і патрэбна была моцная ўлада. "А што такое моцная ўлада? Прэзідэнт тады павінен быў дзейнічаць, не баючыся, што яго заўтра возьмуць і змятуць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што сам асабіста ў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар'еры сутыкаўся са спробамі адхіліць яго ад улады.

"Я нават многія пытанні ведаю знутры, што рабілася ў Канстытуцыйным судзе", - сказаў Рыгор Васілевіч.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяпер абстаноўка ўжо не тая. Ён упэўнены, што норма аб магчымасці адхілення Прэзідэнта ад улады "з-за дураломства" павінна застацца ў Канстытуцыі. "Яна ў прынцыпе ва ўсіх канстытуцыях ёсць. Але якая гэта павінна быць норма? Якая роля будзе пры адхіленні ад улады ў парламента (абавязкова трэба захаваць гэту норму, што парламент - абедзве палаты - павінен уносіць прапанову). Магчыма, заключэнне робіць Канстытуцыйны суд. І тады УНС - народ сабраўся і канчаткова паставіў кропку. Рэальна? Рэальна. Без усялякай казуістыкі. Усё зразумела", - прапанаваў беларускі лідар.

Яшчэ адна тэма, якую ўзняў Рыгор Васілевіч, датычыцца ўзгаднення парламентам прэм'ер-міністра, якога назначае Прэзідэнт. "Ёсць перагібы з пунку гледжання надзялення паўнамоцтвамі палат парламента. Калі абедзве палаты даюць згоду Прэзідэнту на назначэнне прэм'ер-міністра. Калі заглядаць у паслязаўтра, можа быць канфлікт паміж палатамі з розным меркаваннем", - выказаўся ён наконт папярэдняга праекта абноўленай Канстытуцыі.

Ён адзначыў, што, як варыянт прапанаваў прадугледзець, што Палата прадстаўнікоў дае згоду Прэзідэнту на назначэнне прэм'ер-міністра, але з больш мяккай фармулёўкай - з улікам меркавання Савета Рэспублікі.

У цэлым жа ён адзначыў, што палажэнні адносна дачы папярэдняй згоды Прэзідэнту на назначэнне тых ці іншых кандыдатур у тым ліку вынікаюць з тэксту дзеючай Канстытуцыі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не хоча канчаткова выказвацца па тых ці іншых пытаннях, але, тым не менш, агучыў сваё меркаванне па абазначаных пытаннях. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што калі весці размову аб узгадненні кандыдатуры прэм'ер-міністра парламентам, які двухпалатны, то па сэнсе гэта нармальна. "Але, самае галоўнае, мы ж узмацняем урад. І прэм'ер-міністра ўзмацняем. Мы ж яму перадаём паўнамоцтвы. Гэта будзе правільна. Пэўныя паўнамоцтвы і па фарміраванні ўрада будуць у руках прэм'ера. Ведаеце, калі ўзмацняем прэм'ера, дык няхай ён ідзе праз дзве палаты", - паразважаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца магчымасці ўзнікнення канфлікту паміж палатамі парламента, Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым якраз і сутнасць іх работы. "Яны заўсёды павінны знаходзіцца ў добрым сэнсе гэтага слова ў канфлікце", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

А тое, што да гэтага часу не было нейкіх канфліктаў паміж імі, Прэзідэнт растлумачыў дасканалай працай над законапраектамі, калі парламентарыі першапачаткова на ўсіх этапах грунтоўна ўцягнуты ў заканатворчы працэс. Больш таго, сур'ёзныя законапраекты часта разглядаюцца на нарадах аж да прэзідэнцкага ўзроўню. "Заўсёды ў кантакце. Па-свойску, па-чалавечы працуем разам", - растлумачыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што калі Палата прадстаўнікоў у асноўным займаецца законатворчасцю, то Савет Рэспублікі надзелены і кадравымі паўнамоцтвамі: "У асноўным кадры ідуць праз Савет Рэспублікі і ЦВК, і Канстытуцыйны суд, і Нацыянальны банк, і іншыя".

У гэтым плане, лічыць Прэзідэнт, непажадана дапусціць якое-небудзь зрушэнне ў функцыях, вельмі "акунаць" Палату прадстаўнікоў у кадравыя пытанні. Напрыклад, калі дапусціць, што Палата прадстаўнікоў будзе фармаваць урад. "А ўрад - гэта выканаўчы орган улады. Гэта іншая галіна ўлады. Каб не было тут канфлікту. Каб залішне заканадаўчая галіна ўлады не ўмешвалася ў дзейнасць выканаўчай. Вось гэтага быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы не выключае, што варта захаваць дзеючы парадак, калі прэм'ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў. "Калі мы пра кадравыя пытанні будзем гаварыць, ну, устаялася практыка зацвярджэння прэм'ер-міністра са згоды парламента - Палаты прадстаўнікоў у нас. Напэўна, не трэба ад гэтага адыходзіць. Хоць гэта ўжо таксама змешванне, калі ўжо так ставіць пытанне", - адзначыў беларускі лідар.

Зноў жа, у Беларусі пакуль удалося пазбегнуць змешвання функцый і паўнамоцтваў галін улады, таму што ў краіне Прэзідэнт фактычна выведзены над галінамі ўлады, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось над гэтым трэба падумаць і мець на ўвазе, каб не было гэтага змешвання. Кожны павінен займацца сваёй справай. І ўзмацненне прэм'ер-міністра - гэта якраз узмацненне выканаўчай галіны ўлады, і гэта робіць яе больш незалежнай. Плюс яшчэ Прэзідэнт жа будзе. Ён за гэта нясе адказнасць. Прэзідэнцкая рэспубліка - у яго будуць адпаведныя паўнамоцтвы. Без залішняга ўмяшання ў заканадаўчую галіну ўлады ", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Проста разважанні. Да чаго мы прыйдзем, на што мы выйдзем - паглядзім", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама згадзіўся з Рыгорам Васілевічам, што ў Канстытуцыі важна прапісваць менавіта сацыяльныя гарантыі грамадзянам, а не весці гаворку пра нейкія льготы. "Павінны быць гарантыі. Гэта больш шырокае паняцце. А ўсе гэтыя гарантыі павінны ўвасабляцца ў законах", - адзначыў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Рыгор Васілевіч падтрымаў кіраўніка дзяржавы ў тым, што па шэрагу пытанняў неабходна выпрацаваць пераходныя палажэнні, дзе канкрэтна прапісаць парадак дзеянняў па абазначаных праблемных момантах. Гэта ў тым ліку датычыцца магчымасці ўвядзення адзінага дня галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў і адпаведных змяненняў у правядзенні выбараў. Як дзейнічаць, калі, напрыклад, па нейкіх падставах будуць датэрмінова спынены паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў.

Выказаўся Рыгор Васілевіч і адносна колькасці Усебеларускага народнага сходу. Як варыянт, абмежавацца колькасным складам 1,5 тыс. чалавек замест прыкладна 2,5 тыс., як практыкавалася раней. "Можа, больш прывабна, калі гэта лічба будзе больш аптымальная. З тым, каб і людзі разумелі, што тут не разрастанне нейкага апарату, - сказаў ён. - Варыянты абмяркоўваліся, і ў нас быў кансэнсус наконт таго, што парламентарыі ўваходзяць, Прэзідэнт дзеючы і абавязкова, я прапаноўваў гэта, што Прэзідэнт, які пайшоў у адстаўку, таксама з'яўляецца аўтаматычна членам УНС. І выйшлі на абласны ўзровень, Мінскага гарадскога савета дэпутатаў. Далей сапраўды ў нас былі спрэчкі".

Даволі нечакана Рыгор Васілевіч прапанаваў падумаць над тым, ці трэба ў Беларусі засноўваць інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, паколькі сам юрыст некалькі гадоў таму рыхтаваў канцэпцыю па гэтым пытанні. "Канстытуцыйны суд атрымлівае велізарныя паўнамоцтвы. Я лічу гэта правільна. Зыходзячы з істотнага пашырэння паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда, ці ёсць неабходнасць у гэтым органе, які будзе не больш чым нейкай інстанцыяй без рэальных паўнамоцтваў. Я ў гэтым не ўпэўнены", - сказаў ён.

Асобная тэма - дэкрэты Прэзідэнта. Ёсць прапановы адысці ад практыкі іх прыняцця кіраўніком дзяржавы. На гэты спрэчны аспект у пачатку сустрэчы ўказваў і сам Аляксандр Лукашэнка - што тады рабіць з прынятымі ўжо і дзеючымі. Юрыдычнае рашэнне гэтага пытання знайсці не складана, але Рыгор Васілевіч прапанаваў захаваць за Прэзідэнтам паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў. "Але ў той перыяд, калі не засядае парламент. Так, у нас тэрмін істотна прадоўжаны. Па сутнасці, месяцаў 10 будзе працаваць парламент па праекце (Канстытуцыі. - Заўвага. БЕЛТА). У гэты перыяд, зыходзячы з асаблівай неабходнасці, магчыма, варта было б захаваць права Прэзідэнта на выданне дэкрэтаў. Але можна падумаць аб захаванні сілы гэтых дэкрэтаў, магчымасці адмены і гэтак далей. Гэтыя пытанні чыста заканадаўчага характару, але ў прывязцы да Канстытуцыі", - адзначыў юрыст.

Бачыць ён праблему і ў прапанаваных суадносінах законаў і ўказаў. "Указы Прэзідэнта цяпер па праекце павінны адпавядаць законам. Мне ўяўляецца, што і закон, і ўказ зыходзячы са статусу гэтых органаў - парламента, Прэзідэнта - павінны адпавядаць Канстытуцыі. Пры ўзнікненні спрэчкі або калізіі паміж законам і ўказам - гэта пытанні Канстытуцыйнага суда", - прапанаваў Рыгор Васілевіч. Інакш атрымліваецца, што акты кіраўніка дзяржавы па статусе ніжэйшыя за прымаемыя парламентам законы.

"Сумніўным падаецца выключэнне з Канстытуцыі нормы аб тым, што можна выбаршчыкам адклікаць дэпутатаў. Думаю, для дэпутата гэта стымул працаваць з грамадзянамі, выбаршчыкамі, растлумачваючы палітыку. Проста выключыць гэту норму, думаю, не зусім правільна і ў юрыдычным, і ў іншых планах", - прадоўжыў юрыст.

Ён таксама прапанаваў дадаткова акцэнтаваць увагу ў праекце новай Канстытуцыі на развіцці мясцовага самакіравання.

"Тэкст даволі прапрацаваны, але шмат пытанняў, якія яшчэ трэба шліфаваць", - рэзюмаваў Рыгор Васілевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі