
4 чэрвеня, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Лідары Беларусі і Кітая Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін пацвердзілі курс на ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Кітай завершаны. Дні знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў Пекіне былі напоўнены перагаворамі з прадстаўнікамі кітайскіх дзелавых колаў. А галоўнае мерапрыемства - сустрэча з Сі Цзіньпінам, якая ўпершыню прайшла дома ў кітайскага лідара - у рэзідэнцыі Чжуннаньхай. Гэта знак асаблівай прыхільнасці і дружбы паміж кіраўнікамі дзяржаў.
"Літаральна побач мой кабінет. Упершыню тут я вас прымаю", - адзначыў пры сустрэчы Сі Цзіньпін.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбнасць свайго кітайскага калегі: "Яна падкрэслена тым, што вы запрасілі мяне ў свой дом. Я вам вельмі ўдзячны і, зразумела, буду чакаць вас у сваім доме".
"Мяне таксама здзіўляе і ўражвае дагэтуль, хоць я 15-ы раз у Кітаі і ў мяне 30-гадовы тэрмін супрацоўніцтва з КНР, ваша стаўленне да гасцей. Паверце, гэта агульнае меркаванне. Мы з прэзідэнтамі, асабліва постсавецкіх рэспублік, часта абменьваемся гэтымі думкамі. У нас аднолькавае меркаванне. І мы гэта разумеем і вельмі цэнім", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Старшыня КНР з цеплынёй прывітаў Прэзідэнта Беларусі, падкрэсліўшы даўнюю асабістую дружбу.
"Хачу яшчэ раз вас павіншаваць з перавыбраннем Прэзідэнтам Беларусі. Гэта ў поўнай меры сведчыць аб падтрымцы і даверы народа Беларусі ў ваш адрас. Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам ваша краіна абавязкова дасягне яшчэ больш яркіх новых поспехаў у дзяржаўным будаўніцтве", - сказаў Сі Цзіньпін.


Размова лідараў прадаўжалася дзве з паловай гадзіны. Падводзячы вынікі візіту ў кароткім інтэрв'ю журналістам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Усё прайшло як мага лепш. Мы з сябрам сустрэліся, паразмаўлялі. Дамовіліся аб тым, што мы павінны інтэнсіфікаваць нашы адносіны. Вельмі ўдачна".
"Гэта была сямейная сустрэча ў вузкім асяроддзі. Не афіцыйная, не рабочая - сямейная. Тым не менш, кітайцы ёсць кітайцы - яны арганізавалі гэта на высокім узроўні. Малайцы. Таму мы і з рэальным сектарам эканомікі, з фінансамі (прадстаўнікамі гэтых сфер. - Заўвага БЕЛТА) сустрэліся, перагаварылі. А сёння са Старшынёй (Сі Цзіньпінам. - Заўвага БЕЛТА), міністрам замежных спраў Ван І - стары наш сябар, - расказаў Прэзідэнт. - Я лічу, што візіт быў паспяховым. А галоўнае, для іх (адказных з абодвух бакоў. - Заўвага БЕЛТА) калідор пашыраны - дзейнічайце. Таму я і гавару паслу: "Галавой адказваеце за адносіны з Кітаем. Гэта для нас новыя магчымасці".
Пра ўнікальны фармат візіту

У праграме візіту беларускага лідара ў Кітай першапачаткова анансавалася традыцыйная дружалюбная сямейная сустрэча са Старшынёй КНР.
Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, які курыруе адносіны Беларусі з Кітаем і таксама знаходзіўся ў складзе беларускай дэлегацыі, у інтэрв'ю журналістам падкрэсліў асаблівы фармат цяперашняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.
"Перагаворы - гэта факультатыў. Галоўнае - паездка, якая ў прынцыпе (па фармаце ўзаемадзеяння. - Заўвага БЕЛТА) не прымяняецца ні з якім больш лідарам у свеце. Гэта сямейны сяброўскі абед. Гэта - галоўнае. На гэта настроена ўся паездка, - сказаў ён. - Сусветнай супольнасці трэба было б узяць прыклад з дружбы, узаемападтрымкі, сумеснага развіцця Беларусі і Кітая, што і дэманструе цяперашні візіт Прэзідэнта. Гэта не рабочы, не афіцыйны візіт. Гэта візіт для сямейнага сяброўскага абеду. Напэўна, і ў глабальным парадку дня не шкодзіла б лідарам сусветных дзяржаў збірацца і размаўляць адзін з адным аб агульнай будучыні іх народаў".
Мікалай Снапкоў нагадаў, што Беларусь адна з першых падтрымала ініцыятыву кітайскага лідара аб пабудове Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва. "Гэта нават не эканамічны, а маральны шлях. І мы ім ідзём", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Пра адно з галоўных пытанняў у супрацоўніцтве з Кітаем
Напярэдадні сустрэчы лідараў краін у Пекіне адбыліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх дзелавых колаў.
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб маючай адбыцца сустрэчы са Старшынёй КНР, назваў адно з асноўных пытанняў парадку дня беларуска-кітайскага супрацоўніцтва: "Гэта машынабудаўнічая галіна і тэхналагічная мадэрнізацыя асобных напрамкаў прамысловасці ў Беларусі. Гэта ідэя Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які і ў Кітаі, як мы бачым, у свеце гэта ведаюць, нацэлены на навукова-тэхнічную, можна сказаць нават, рэвалюцыю ў машынабудаванні".
У цэлым у лідараў Беларусі і Кітая глабальны парадак дня з улікам сітуацыі. Не менш глабальны і стратэгічны парадак дня двухбаковы. "Таму, вядома, наш кіраўнік не мог у практычнай плоскасці не адпрацаваць пытанні, якія з'яўляюцца для нас адчувальнымі і важнымі ў стратэгічным плане", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
Яшчэ ў 2023 годзе Старшыня КНР Сі Цзіньпін прапанаваў больш актыўна развіваць сумеснае тэхналагічнае развіццё Беларусі і Кітая на аснове сучасных кітайскіх тэхналогій і беларускіх кампетэнцый у прамысловасці. Перш за ўсё ў машынабудаванні, трактарабудаванні, транспартным машынабудаванні. "З таго моманту мы вельмі актыўна гэту тэму развівалі. Падпісана камюніке ў рамках візіту таварыша Лі Цяна (размова пра афіцыйны візіт у Беларусь прэм'ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна ў жніўні 2024 года. - Заўвага БЕЛТА). Падпісаны дэталізаваныя карты сумесныя, якія вызначаюць канкрэтныя праекты. І гэта тэма проста набірае абароты. У нас заканчваеца Год навукі і тэхналогій. Наступны год - у нас будзе двухгодка, прысвечаная менавіта прамысловай кааперацыі. Таму сённяшняя сустрэча з'яўляецца стратэгічным пасылам на больш пашыранае, паглыбленае супрацоўніцтва з адным з вядучых сусветных вытворцаў цяжкай тэхнікі", - расказаў Мікалай Снапкоў.
Пра дружбу, якая ўсё мацнее, і ролю Кітая ў глабальным светапарадку

Сі Цзіньпін падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Кітаем усё мацнее традыцыйная дружба, умацоўваецца непарушны палітычны ўзаемадавер, пашыраецца супрацоўніцтва практычна ва ўсіх сферах. "Мы захоўваем цесныя кантакты і каардынацыю ў міжнародных справах - гэта і ў рамках ШАС, і ў рамках ААН. Як і вы, як і наша краіна, ніколі не падпарадкоўваемся якому-небудзь міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання. Разам мы абараняем міжнародную справядлівасць і роўнасць", - сказаў кітайскі лідар.
Ён таксама запрасіў Прэзідэнта Беларусі на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і парад у Пекіне, што пройдуць у канцы жніўня - пачатку верасня бягучага года.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер позіркі многіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, звернуты на Пекін.

"Вы вельмі правільна адзначылі асноўную асаблівасць цяперашняга часу - беспрэцэдэнтны націск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітайскую Народную Рэспубліку. І сёння позіркі многіх дзяржаў, як і Беларусі, звернуты на вас - на Пекін", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, яшчэ 5 гадоў таму гаварылі: "Калі Кітай вытрымае, значыць, планета будзе ўраўнаважана і будзе існаваць".
"Сёння ўжо кажуць: "Кітай вытрымаў, вытрымае і Кітай не дазволіць зламаць сусветны парадак. У гэтым перакананы многія-многія народы. Кіраўнікі дзяржаў, з якімі я сустракаўся, мне аб гэтым гаварылі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
