
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расіі адбылася вечарам 5 лютага. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі тры блокі пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Першы - двухбаковыя адносіны. Прэзідэнты абмеркавалі агульны парадак дня ўзаемадзеяння ў эканоміцы, палітыцы, пытанні бяспекі. У прыватнасці, гаварылі аб далейшых дзеяннях у рамках Саюзнай дзяржавы па забеспячэнні бяспекі Беларусі і Расіі.
Асноўнае, аб чым дамовіліся кіраўнікі дзяржаў, - вызначыць дату сустрэчы ў бліжэйшы час. Галоўнай яе мэтай стане кантроль за выкананнем двума ўрадамі даручэнняў, дадзеных прэзідэнтамі раней. Перш за ўсё ў сферы імпартазамяшчэння і па ўсіх напрамках антысанкцыйнага ўзаемадзеяння. Гэтаму быў прысвечаны другі блок пытанняў у размове Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Трэці - падрыхтоўка да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета. У сувязі з тым, што на люты запланавана пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, Вышэйшы дзяржсавет плануецца правесці ў красавіку-маі. На пасяджэнні, як чакаецца, існуючыя дамоўленасці будуць фармалізаваны, падпісаны адпаведныя дакументы. Але да гэтага ўвесь спектр актуальных на сённяшні дзень пытанняў кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць і ўдакладняць у ходзе маючай адбыцца сустрэчы.-0-