Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лютага 2023, 14:41

Лукашэнка - губернатарам: калі беларуская бульба знікне з магазінаў - наракайце на сябе

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння звярнуў асаблівую ўвагу на гандаль прадукцыяй са стабілізацыйных фондаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў першую чаргу неабходна забяспечыць унутраны рынак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажыў у час нарады прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, у стабілізацыйныя фонды па краіне закладзена больш за 144 тыс. т бульбы, агародніны, яблыкаў. Гэта амаль на трэць больш, чым у мінулы міжсезонны перыяд. Значная частка прадукцыі ўжо закантрактавана.

"Ёсць у губернатараў пытанні па гэтых стабфондах?" - удакладніў Прэзідэнт.

Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік пацвердзіў, што ў яго рэгіёне стабілізацыйныя фонды закладзены ў поўным аб'ёме. Абласныя гандлёвыя сеткі камунальнай формы ўласнасці заключылі дагаворы пад свае поўныя патрэбнасці. Аднак у рабоце прыватнага гандлю ёсць свае нюансы. На сустрэчах яго прадстаўнікі гавораць, што іх сеткі зарэгістраваны ў іншых абласцях, таму прадукцыяй яны закупляюцца ў іншых рэгіёнах, а потым развозяць па ўсёй рэспубліцы. Падтрымаў гродзенскага калегу і губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.

У сваю чаргу Раман Галоўчанка і старшыня КДК Васіль Герасімаў не выключылі, што нейкім гаспадаркам больш выгадна прадаваць на экспарт, таму яны, цалкам магчыма, могуць выдумліваць розныя адгаворкі аб тым, што іх тавар не запатрабаваны на ўнутраным рынку. Але ў цэлым, паводле слоў чыноўнікаў, сітуацыя з закладкай прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды і яе наступнай рэалізацыяй у гэта міжсезонне значна лепшая, чым у папярэднія гады. Актыўная работа са стабфондамі паўплывала і на цэны: імпарту стала менш, а кошт вырашчанай у Беларусі агародніны прыкметна знізіўся.

"Я проста хачу губернатараў і мэра Мінска папярэдзіць: не дай бог праз месяц гэта ўсё вылезе і мы пачнём зноў есці егіпецкую бульбу, а сваёй па нармальных цэнах бачыць не будзем - наракайце самі на сябе. Я не збіраюся вас вучыць, што рабіць. Вы паклалі ў рэзерв гэтыя аб'ёмы - заключыце з гандлем, забяспечце хоць бы на сваёй тэрыторыі, у вобласці, сваімі прадуктамі. І каб яна была канкурэнтная з імпартам. Каб імпарт наогул блізка не мог з вамі канкурыраваць. Таму што лепшай бульбы, чым са сваёй зямлі, лепшай капусты, морквы і цыбулі, чым са сваёй зямлі, дзе мы нарадзіліся і жывём, быць не можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не забараняе пастаўляць прадукцыю на экспарт, але гэта толькі ў тым выпадку, калі ўнутраны рынак поўнасцю забяспечаны. "Прадавайце. Але калі праваліцеся да ліпеня-жніўня, пакуль ранняя бульба і капуста не з'явяцца, наракайце самі на сябе, - папярэдзіў ён. - Вырашайце самі там. Разам з урадам, калі гэта трэба. Але я яшчэ раз паўтараю: вы паставілі гэта пытанне - мною было прынята рашэнне. Яно няўхільна павінна быць выканана. Бульба, капуста, морква і іншае да новага ўраджаю - чысценькая, акуратненькая, як імпартная, выкладзена ў магазінах. З задавальненнем купяць беларускае, але так, каб яно мела таварны выгляд. Яно нядрэннае па якасці, прадавайце. Але калі, як сказаў прэм'ер, па шалёных цэнах у чэрвені, ліпені, жніўні будуць афрыканская і яшчэ там нейкая бульба - наракайце самі на сябе. Нізкія цэны, сваё - рабіце. Астатняе вязіце куды хочаце. Калі ласка - вывозьце, толькі свой народ накарміце".

У час нарады кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць магчымасць будаўніцтва новых сховішчаў па сучасных тэхналогіях, а таксама паставіў задачу сваім памочнікам у рэгіёнах прааналізаваць сітуацыю са стабфондамі як з пункту гледжання захаванасці прадукцыі, так і яе рэалізацыі.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі