Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 верасня 2019, 14:10

Лукашэнка гатовы на ўзаемнай аснове вырашыць пытанне з вызваленнем Шаройкі і Палітыкі

26 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гатовы ў бліжэйшы час на ўзаемнай аснове вырашыць пытанне з памілаваннем асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі і абвінавачанага ва Украіне беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў беларускага лідара, наконт гэтага нават былі дамоўленасці з былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, аднак украінскі бок не выканаў дамоўленасці.

"Шмат размоў пра гэтых затрыманых. Хоць на гэту тэму я з Парашэнкам вёў размову. Я яму паказваю: вось дакументы, відэа, аўдыязапісы адносна вашага хлопца. Званне яго - палкоўнік, - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Я Пятру Парашэнку кажу: слухай, што ты хочаш пра нас ведаць? Я табе ўсё сам раскажу-пакажу, дакументы перадам. Навошта хавацца ў пасольстве? Гэта ж негатыўна ўплывае на нашы адносіны".

"Прытым мы ж яго не прота схапілі ні з таго ні з сяго. Мне прынеслі ўсе матэрыялы. Мы ж не білі яго, не ламалі - разумелі, што гэта будзе міжнародны скандал. І наогул не прынята выбіваць з чалавека паказанні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адносна Паўла Шаройкі беларускі бок прадставіў факты.

Далей паўстала пытанне адносна беларуса Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне падазраюць у шпіянажы: "Я кажу: добра, пакажыце нам, як мы вам паказалі, усе матэрыялы. Вы нам пакажыце, што ён учыніў проціпраўныя дзеянні і шпіёніў на тэрыторыі Украіны. Паказвайце! Рукі ўверх падымем. Публічна пакажыце, прыцісніце нас да сценкі".

"Мы дамовіліся з Парашэнкам: вы хочаце асудзіць Палітыку, асудзіце яго (у вас суд, асабліва цяпер, незалежны, на яго нельга націснуць), а мы асудзім Шаройку. Ну і не будзем... Шкада людзей. Аб абмене размова не ідзе. Я адразу ж памілую гэтага чалавека. Усё. Дамовіліся. Мы перадалі справу ў суд, асудзілі яго. Я гатовы яго памілаваць. Парашэнка паабяцаў - нічога не зрабіў. Нават у суд не накіраваў матэрыялы, таму што іх няма", - расказаў беларускі лідар.

"Нават калі яны ёсць, мы ж дамовіліся з табой (з Парашэнкам. - Заўвага БЕЛТА), - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я Парашэнку кажу: давайце зробім, гэта азмрочвае нашы адносіны, і людзі няправільна разумеюць. "Саша, усё, дамовіліся, вырашаем" (былі словы Пятра Парашэнкі. - Заўвага БЕЛТА). Чаму не вырашаецца дагэтуль?".

Гаворачы пра Паўла Шаройку, кіраўнік дзяржавы расказаў, што ён у Беларусі жыве, як на курорце: "Я сваіх папярэдзіў: ні ў якім разе не крыўдзіць. І мы давялі пазіцыю былога Прэзідэнта да яго. Я даручыў, каб ён на мяне не крыўдзіўся".

"Я гатовы выканаць свае абяцанні, калі ўкраінскі бок выканае свае", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне, ці магчыма гэта зрабіць да сустрэчы з цяперашнім прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Жытоміры, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ды хоць заўтра, але вы не паспееце. Вы ж хочаце Палітыку павесці ў суд".

"Ну вядзіце, калі хочаце. Калі бачыце, што памыліліся, папрасіце прабачэння. Нягучна. Няважна як. Галоўнае ж цяпер не хто вінаваты, а вырашыць праблему. Адпускайце гэтага хлопца, калі ён не вінаваты, і мы ціха і спакойна вырашым гэта пытанне. Але галоўнае, яно будзе вырашана", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася, украінец Павел Шаройка быў асуджаны ў Беларусі за шпіянаж. Ён быў затрыманы з доказамі злачынства КДБ 25 кастрычніка 2017 года. З улікам вопыту яго работы ў якасці кіраўніка прэс-службы галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны для прыкрыцця яму была вызначана пасада карэспандэнта Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны. У Беларусі Павел Шаройка стварыў агентурную сетку з ліку грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі яго заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы.

У час вобыску ў затрыманага знойдзены копіі разведвальных данясенняў, накіраваных ім раней у цэнтр. Сам Павел Шаройка прызнаў, што з'яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі, працуючым пад прыкрыццем, а таксама паведаміў сваё воінскае званне - палкоўнік. Ён таксама пацвердзіў, што каардынаваў яго разведвальную дзейнасць супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны ў Беларусі. За дзейнасць, несумяшчальную з дыпламатычным статусам, Скварцоў аб'яўлены персонай нон грата. Акрамя таго, КДБ пры зборы сакрэтных матэрыялаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі, якія ажыццяўляў шпіёнскую дзейнасць у інтарэсах Украіны.

Раней, у кастрычніку 2018 года, са спасылкай на старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка паведамлялася, што разглядалася пытанне аб памілаванні Паўла Шаройкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі