27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гарантаваў захаванне даплат медыцынскім работнікам за работу з хворымі на каранавірусную інфекцыю. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Даплаты ніхто не здыме, гэта ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта, ніхто не мае права адмяніць гэты ўказ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з-за гэтых дадатковых выплат работнікі аховы здароўя ў агульнай статыстыцы па ўзроўні заработнай платы значна апярэджваюць шэраг іншых катэгорый бюджэтнікаў. Па сутнасці, ужо цяпер дасягнуты той узровень сярэдняй зарплаты медработнікаў, які планавалася забяспечыць да канца пяцігодкі.
Цяпер, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стаіць задача падцягнуць узровень заработнай платы работнікаў іншых сфер.
Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу і на іншыя меры дзяржаўнай падтрымкі сістэмы аховы здароўя, у тым ліку закупку абсталявання, аснашчэнне сучасных рабочых месцаў для ўрачоў з усім неабходным інструментарыем.
На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы медыкі адзначылі, што ў час першай хвалі захваральнасці адчувальнай была таксама дапамога валанцёраў і спонсараў, а да гэтага этапу такія віды падтрымкі практычна адсутнічаюць. "Галоўная прычына ў тым, што наш народ расслабіўся, - сказаў у адказ Прэзідэнт. - Тады быў востры перыяд, усе крычалі, баяліся... А цяпер думаюць: ды чаго там. Па-першае, а па-другое, там шмат было палітыкі. Вельмі многія лавілі хайп. Хайп злавілі, запосціліся - і ўсё нармальна, больш нічога не трэба".
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь справіцца з сітуацыяй сваімі сіламі. "Давайце мы самі будзем лячыць", - адзначыў ён. А вось наконт дзейнасці валанцёраў паабяцаў дапамагчы: "Проста мы іх не арганізавалі. Валанцёры павінны быць. Вывучыце гэта пытанне, асабліва ў Мінску, - па валанцёрах. Трэба дапамагчы".-0-