Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 снежня 2019, 17:20

Лукашэнка: галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі - магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі

3 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі - магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час выступлення ў Народнай скупшчыне Сербіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі спадаром Аляксандрам Вучычам я сказаў аб тым, што прыбыў да сваіх блізкіх сяброў, у краіну, з якой нас многае звязвае. Гэта сапраўды тыя пачуцці, якія я і ўся наша дэлегацыя кожны раз зведвае, знаходзячыся ў Бялградзе. Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў бягучым годзе краіны адзначылі 25-годдзе дыпламатычных адносін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за гэты час пройдзены няпросты гістарычны шлях. "Наша галоўнае дасягненне - магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць напрамкі развіцця, якія адпавядаюць духу часу і дзяржаўным інтарэсам", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як 20 гадоў таму наведваў Бялград, каб выказаць падтрымку брацкаму сербскаму народу. "Тады ж, у ходзе жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТА супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей. Водгукі гэтай вайны вы перажываеце і цяпер, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - У тыя хвіліны мы былі побач і ўсяляк падтрымлівалі вас. Беларусь пастаянна выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой надалей".

На думку Прэзідэнта, менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, што ідуць ад сэрца, фарміруюць культурную і духоўную еднасць, з'яўляюцца фундаментам беларуска-сербскіх адносін. "Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць сваім дзецям і ўнукам. Бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты", - падкрэсліў ён.

У 2019 годзе краіны адзначылі 75-годдзе вызвалення ад нацызму. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жывых відавочцаў самай страшэннай трагедыі ў гісторыі чалавецтва з кожным годам застаецца ўсё менш. Таму асабліва важна захаваць памяць аб героях і бязвінных ахвярах вайны. "Гэта трэба зрабіць для нашай жа бяспекі ў імя мірнай будучыні Еўропы і планеты ў цэлым", - заявіў беларускі лідар.

У Сербіі хутка стартуе кампанія па выбарах у Народную скупшчыну. Прэзідэнт пажадаў дэпутатам паспяхова здаць гэты важны экзамен перад народам. "Не змагайцеся адзін з адным. Сербы - гэта адзіная магутная апора, што засталася ад некалі вялікай дзяржавы, Югаславіі. Можа, нехта не згодны са мной, што гэта была вялікая краіна, але так нам у Савецкім Саюзе бачылася. Мы вам вельмі зайздросцілі за ваша развіццё, развітую эканоміку, грамадства, парадак, які заўсёды быў у вашай краіне. Вы тады шмат чаго дабіліся, і нашы ўлады да вас часам вельмі раўніва ставіліся, аж да варожасці на нейкіх этапах. Таму будзьце адзіным цэлым, таму што праціўнікаў і ворагаў у сербаў і беларусаў дастаткова. Яны навокал, іх хапае. Дык трэба супакоіцца, думаць аб гэтай святой зямлі, аб народзе", - падагульніў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі