ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лістапада 2020, 15:14

Лукашэнка: для мяне як прэзідэнта гэта аснова - захаваць машынабудаванне

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі важным захаванне і развіццё ў краіне машынабудаўнічага патэнцыялу. Аб гэтым ён заявіў сёння, размаўляючы з работнікамі ААТ "Гомсельмаш", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для мяне як прэзідэнта гэта аснова - захаваць машынабудаванне. Галоўнае, што ў нас будуць інжынеры, канструктары, кіраўнікі, - адзначыў ён. - Адна справа - лапатай недзе калупацца, а іншая - вырабляць такую тэхніку. Патрэбны добрыя спецыялісты. Гэта галоўнае, чаму мы трымаемся за машынабудаванне", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што ў пачатку станаўлення Беларусі як незалежнай дзяржавы, яму як кіраўніку не раз прапаноўвалі згарнуць галіну машынабудавання і закупляць камбайны для сельскай гаспадаркі, якіх тады вельмі не хапала, за мяжой. "Вось тады было галоўнае пытанне, што рабіць з "Гомсельмашам"? Будзем мы вырабляць свае збожжа- і кормаўборачныя камбайны? - нагадаў ён. - І тады мы прынялі рашэнне: будзем рабіць свой камбайн".

За гэты час беларускае прадпрыемства распрацавала і асвоіла выпуск самых сучасных узораў тэхнікі. Адна з апошніх навінак - камбайн, які працуе на газе, а ў перспектыве - камбайн, які кіруецца з выкарыстаннем сістэм штучнага інтэлекту.

"Разумееце, які шлях прайшлі? Я ніколі ў жыцці не пайду на тое, каб загубіць тое, што ў тым ліку зрабіў уласнымі рукамі. Таму машынабудаванню ў Беларусі быць, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Нават калі хтосьці прыйдзе пасля Лукашэнкі, ён не зможа гэта знішчыць. Гэта значыць мая задача - зрабіць так, каб пасля мяне ніхто не змог гэта разбурыць, таму што тады вы выйдзеце на вуліцы і будзеце пратэставаць".

"І не думайце, што калі мы прыватызуем гэты завод, прададзім, то будзе шчасце", - папярэдзіў Прэзідэнт. Адно з негатыўных наступстваў - страта кампетэнцый, тэхналогій і кваліфікацыі. "Думаеце, яны (тыя, хто можа выкупіць прадпрыемства. - Заўвага БЕЛТА) будуць захоўваць гэтыя кампетэнцыі? Не, вы будзеце вырабляць тут балты, гайкі, яшчэ штосьці кляпаць, - сказаў ён, - а асноўныя кампетэнцыі - рэдуктары, рухавікі, прыводы і гэтак далей - яны там будуць вырабляць, дзе адукацыя, людзі і дзе вялікія грошы. За бляшанкі вы шмат грошай не атрымаеце. Вось чым небяспечная прыватызацыя і чым мая палітыка адрозніваецца ад тых пратэстуноў, што рваліся да ўлады: усё, што засталося, трэба падзяліць і распрадаць. Не!"

Прэзідэнт зноў паўтарыў сваё адназначнае стаўленне да прыватызацыі - магчыма толькі на выгадных для Беларусі ўмовах. "Я не хачу, каб мы сталі прыдаткам кагосьці. Вось і ўся палітыка, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нават не думайце, што я пайду на абвальную прыватызацыю. Плаціце грошы, а мы потым будзем глядзець, што мы ад гэтай прыватызацыі атрымаем. Калі дадзіце грошы, мы створым новую тэхніку і на ваш рынак паставім".

У ліку важных умоў таксама - захаванне працоўных калектываў. "Да мяне прыходзілі і гаварылі: "У вас 8 тысяч працуючых, нам столькі не патрэбна." - "А колькі застанецца?" - "Дзве-тры." - "Дзякуй, не трэба". З 8 тысяч тры пакінем, а пяць або шэсць на вуліцу выкінем? Такое нам не патрэбна. Калі і трэба скарачаць колькасць, дык людзі на пенсію ідуць, хтосьці працаўладкоўваецца (у іншыя месцы. - Заўвага БЕЛТА), гэта працэс", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што стаўленне да рабочых значна змяняецца па меры ўскладнення вытворчых працэсаў і абсталявання. І ў многіх краінах адчуваецца дэфіцыт высокакваліфікаваных рабочых кадраў. Беларусь у гэтым плане знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, таму што ў краіне была захавана сістэма прафтэхадукацыі. "Рабочы - гэта ўжо не раб, рабочы чалавек - гэта залатыя рукі. І вялікі попыт на рабочых", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што на многіх айчынных прадпрыемствах ёсць цэлыя працоўныя дынастыі. "Дынастыі - гэта добры прыклад для ўсяго працоўнага калектыву, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нікому вашы дзеці і ўнукі не патрэбны нідзе. А далей будзе яшчэ складаней. Таму трымайце гэту вытворчасць, хварэйце за яе ўсім сваім нутром, усёй сваёй істотай. А машынабудаванне мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі