
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку сацыяльнай рабоце Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі канфесій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вам дзякуй вялікі. Я ведаю, якія вы намаганні прыкладаеце ў барацьбе з гэтым злом - наркаманіяй. Дзякуй, што вы шматдзетным сем'ям удзяляеце вялікую ўвагу. І шмат гаворыце пра сям'ю, і прыклад у гэтым паказваюць вашы свяшчэннаслужыцелі і вашы вернікі. Я пра гэта ведаю, і гэта добрыя канкрэтныя дзеянні, накіраваныя на паляпшэнне атмасферы ў нашым грамадстве", - сказаў кіраўнік дзяржавы ў адказ на выступленне епіскапа рэспубліканскага рэлігійнага аб'яднання "Аб'яднаная Царква хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь" Леаніда Бірука.
Епіскап нагадаў некалі сказаны Прэзідэнтам тэзіс, што любы грамадзянін Беларусі мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма: "І мы вельмі ўдзячны вам, што вашы словы вы поўнасцю рэалізоўваеце".

Леанід Бірук расказаў, што аб'яднаная Царква хрысціян веры евангельскай удзяляе асаблівую ўвагу сацыяльнай рабоце, і ў першую чаргу сярод людзей, якія маюць залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў. "На гэты момант мы маем 15 рэабілітацыйных цэнтраў. Гэта паўтара года стацыянарнай рэабілітацыі, дзе знаходзяцца людзі, якія маюць залежнасць. І мы маем добрыя вынікі. Прыкладна 75 працэнтаў людзей не вяртаюцца да залежнасці. Гэта мы робім не ў якасці альтэрнатывы дзяржаўным службам, але наадварот - у цесным супрацоўніцтве. Мы разумеем, што гэта агульная справа для таго, каб гэтыя людзі сталі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны", - сказаў ён.
У Царкве таксама вучаць вернікаў патрыятызму і працавітасці. "У нашым веравучэнні запісаны такія словы, што хрысціянін павінен любіць сваю краіну, усё, што складае яе, - народ, культуру, гісторыю і ўсё, што з гэтым узаемазвязана. Мы таксама ведаем вашы патрабаванні аб неабходнасці дысцыпліны і адказнасці кожнага чалавека на сваім працоўным месцы. Мы разумеем, што гэта сапраўды залог працвітання нашай краіны. Мы грунтуемся таксама на евангельскім вучэнні. Сам Апостал Павел сказаў: "Усё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада".
Епіскап асабліва адзначыў вялікія намаганні дзяржавы, накіраваныя на захаванне міру, у тым ліку міжканфесійнага. "Павага павінна быць асновай для нас. Мы заўсёды молімся за мір", - сказаў ён.
Леанід Бірук таксама звярнуў увагу на тое, што сярод прыхаджан шмат прадстаўнікоў шматдзетных сем'яў, і ў гэтым плане для іх вельмі важна палітыка дзяржавы, накіраваная на падтрымку і прапаганду менавіта сямейных каштоўнасцей.-0-
