Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 студзеня 2022, 19:37

Лукашэнка даў рэцэпт ад двоеўладдзя ў выпадку прыняцця абноўленай Канстытуцыі

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў рэцэпт ад двоеўладдзя ў выпадку прыняцця абноўленай Канстытуцыі. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў Прэзідэнт, склад УНС будзе максімальна адлюстроўваць меркаванне розных слаёў насельніцтва. Там будзе каля 1,2 тыс. чалавек, якія будуць працаваць не на пастаяннай аснове.

Прэзідэнт у час Паслання выказаўся наконт апасенняў некаторых людзей, што ў выніку абнаўлення Канстытуцыі і замацавання статусу УНС узнікне нейкае двоеўладдзе. "Я нядаўна сказаў, што настаў перыяд, калі нам з вамі трэба навучыцца жыць у адпаведнасці з законам. Калі мы будзем свята выконваць Канстытуцыю і законы, якія прымем у развіццё Канстытуцыі, ніколі ніякага двоеўладдзя не будзе. Але ўзаемны кантроль павінен быць (гэта я вам гавару як Прэзідэнт), таму што мы не ведаем (ні я, ні вы), хто будзе наступнымі прэзідэнтамі. Адурманіць народ можна. Цяжка ўжо беларускі народ адурманіць - не дай бог", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што Усебеларускі народны сход будзе мець паўнамоцтвы, якія не перасякаюцца з паўнамоцтвамі іншых галін улады. "Больш таго, каб не выклікаць канфлікт, ва УНС будуць удзельнічаць і дэпутаты, і сенатары, і кіраўнік дзяржавы, і мясцовыя органы ўлады. Мы разам будзем збірацца тут і вызначаць шляхі нашага развіцця. Але калі некаму захочацца з гэтых шляхоў звярнуць, мы дадзім гэтаму адпор - законна, не на вуліцах. Вось у чым сэнс", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў: УНС - гэта не надуманая форма ўлады, не з космасу ўзятая структура. Гэта народнае веча ўжо ратавала краіну ў папярэднія гады, настаўляла на розум тых, хто хацеў разбурыць дзяржаву, а таму заслужыла канстытуцыйны статус.

Унесеныя ў Канстытуцыю змяненні і дапаўненні адпавядаюць глыбінным запатрабаванням грамадства, канстатаваў беларускі лідар. Гэта таксама пацвярджаюць вынікі сацыялагічных даследаванняў, па якіх аб неабходнасці абнаўлення Асноўнага закона заяўляюць каля 60 працэнтаў грамадзян. Яны лічаць найбольш важным захаванне асноўных сацыяльных гарантый (ахова здароўя, падтрымка пажылых, працоўныя месцы, адукацыя і гэтак далей), забеспячэнне бяспекі, пашырэнне рэальных правоў і свабод грамадзян.

"Безумоўна, у Канстытуцыі павінен быць замацаваны прыярытэт такіх базавых патрэбнасцей і абавязкова будзе замацаваны. Калі мы ад гэтага адмовімся, то мы перакрэслім усю гісторыю апошняй чвэрці стагоддзя, калі мы стваралі суверэнную, незалежную дзяржаву. Гэта наш здабытак. Адмовіцца ад яго мы не можам. І не адмовімся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дынаміка грамадскіх адносін задае новыя стандарты жыцця. Разам з базавымі патрэбнасцямі існуюць каштоўнасці вышэйшага парадку: самарэалізацыя, самапавага, свае месца і голас у свеце. Усё гэта максімальна ўлічана ў праекце, які выносіцца на рэферэндум", - заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама дадаў, што яшчэ да правядзення рэферэндуму будзе арганізавана мерапрыемства на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, каб яшчэ раз пагаварыць аб новаўвядзеннях у Канстытуцыі. "Я гэта зраблю ад сваёй асобы, абагульніўшы ўсе вашы прапановы, размовы і дыялогі (я за імі ўважліва сачу), і мы знойдзем форму яшчэ раз вярнуцца да праекта Канстытуцыі асобна. І я змагу, як ініцыятар рэферэндуму, матываваць, растлумачыць тыя ці іншыя палажэнні, змяненні ў Асноўны закон", - растлумачыў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі