Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лютага 2023, 12:59

Лукашэнка даручыў журналістам узварухнуць КДК і ўрад па пытанні зарплат "вялікіх" дзеячаў у гандлі

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння звярнуўся да журналістаў з даручэннем падрабязна расказаць аб тым, як выконваецца даручэнне аб навядзенні парадку з узроўнем заработнай платы кіраўнікоў і ўладальнікаў буйных гандлёвых сетак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся адпаведным пытаннем ва ўдзельнікаў нарады. Звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы, калі ласка, Камітэт дзяржкантролю і ўрад узварухніце так, каб яны вам назвалі ўсе факты, дзе ў 30-40 разоў "вялікія" дзеячы, кіраўнікі атрымліваюць зарплату вышэйшую, чым звычайны прадавец і іншыя. А потым бегаюць па сетках і крычаць: "Ах, Прэзідэнт задушыў!" Бунт узнімаюць. Хочуць гэтых няшчасных прыпадняць і зноў учыніць нейкую бучу".

"Але вопыт у мяне ёсць, як з гэтай бучай разбірацца. І будуць разборкі вельмі жорсткія. Таму да людзей - прадаўцоў - трэба давесці: вось 800 або 1 тыс. рублёў ваша зарплата, а вось 50-60 тысяч зарплата ў гэтых так званых уладальнікаў", - дадаў беларускі лідар.

Зыходзячы з інфармацыі гандлёвых сетак, урад далажыў Прэзідэнту, што ў большасці арганізацый гандлю суадносіны зарплат работнікаў і кіруючага складу больш-менш захоўваюцца. "Гэта значыць супакоілі сітуацыю. Усё ж такі зменшылі апетыт кіраўнікі і гаспадары, уласнікі", - заўважыў наконт гэтага Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што суадносіны зарплат работніка і кіраўніка, уладальніка гандлёвай арганізацыі павінны быць у межах 1 і 8. "Аднак у асобных гандлёвых сетках гэта патрабаванне не выконваецца. Напрыклад, "БелВілесдэн" (сетка "ГІПА". - Заўвага БЕЛТА), каэфіцыент склаў аж 67, - прывёў шэраг фактаў Прэзідэнт. - "Еўрагандаль" - амаль 42, "Дабраном" - 12. Гэта што, нармальна? Яны што, працуюць больш, чым прадавец?"

"Урад і аблвыканкамы выпрацавалі шэраг прапаноў, каб такога ў далейшым не было. Вось мы і паслухаем гэтыя прапановы. Пажытку для роздуму больш чым дастаткова. Не хацелася б, каб вы мне аб "гераізме" расказвалі. Нам трэба бачыць недахопы і прыняць дадатковыя меры (гэта вам давядзецца дапаўняць, але я хачу іх пачуць) для таго, каб гэтага непарадку не было", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі