Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 ліпеня 2019, 12:55

Лукашэнка даручыў забяспечыць своечасовую выплату і рост зарплаты ў рэгіёнах

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад мясцовых органаў улады забяспечыць своечасовую выплату і рост заработнай платы ў рэгіёнах. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў сёння, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паглядзіце на выплату заработнай платы. Пастарайцеся зрабіць усё, каб гэта заработная плата была калі не дастойнай (усюды гэта не зробіш), то цярпімай, каб людзі разумелі, што сёння ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшая. Абавязкова гэты прырост павінен быць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але не дзеля таго, што ў нас выбары. Людзі вельмі дрэнна ўспрымаюць, калі гэта робіш з нейкай палітычнай нагоды. Гэтага рабіць нельга".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, няхай патроху, але зарплаты, пенсіі і дапамогі ў краіне растуць. "Людзі гэта бачаць, - канстатаваў ён. - Трэба звярнуць увагу кіраўнікоў, што зарплата - гэта святое, гэта асноўная крыніца даходу нашага насельніцтва, яе трэба выплачваць своечасова і забяспечваць рост".

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты і наступны год у Беларусі асаблівыя: пройдуць дзве выбарчыя кампаніі. "Партыйных органаў у нас няма, КПСС няма, гэта значыць асобна палітыкай займацца няма каму. Усё сканцэнтравана ў вашых руках на месцы. Гэта, напэўна, часткова і добра, але дзесьці ўтвараюцца і праблемы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас пераканаўча прашу: арганізаваць трэба на дастойным узроўні".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абстаноўка ў раёнах, куды накіроўваюцца новыя кіраўнікі, у цэлым стабільная. "Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не без крытыкі, хапае крытыкі. Гэта добра і правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага націску. Пастаўцеся па-чалавечы да людзей, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Зразумела, гэта экзамен, да яго трэба рыхтавацца. Паглядзіце, можа, недзе нешта трэба падчысціць, падняць, не толькі ў аграгарадках і раённых цэнтрах - тут мы больш-менш парадак навялі і рабочыя месцы стварылі".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што асновай палітыкі ўлады на месцах, як і ў цэлым у краіне, павінна быць справядлівае і сумленнае стаўленне да людзей. "Запатрабаванне на справядлівасць нікуды не адышло, яно толькі абвастраецца", - дадаў ён.

Сёння Прэзідэнт узгадніў назначэнне кіраўнікоў у Глыбоцкі, Шумілінскі, Жыткавіцкі, Кармянскі, Валожынскі, Любанскі, Капыльскі, Гарэцкі, Кіраўскі, Круглянскі, Асіповіцкі і Слаўгарадскі райвыканкамы, а таксама ў адміністрацыю Першамайскага раёна Бабруйска.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі