Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 лютага 2024, 14:51

Лукашэнка даручыў выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва 

Фота з архіва
Фота з архіва
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва. Аб гэтым ён заявіў у сваім выступленні на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Надышоў час выпрацаваць агульнарэспубліканскую канцэпцыю абслугоўвання вясковага насельніцтва. Людзі, якія працуюць на зямлі, не павінны ні ў чым мець патрэбу, - сказаў Прэзідэнт. - Чакаю ад урада канкрэтных прапаноў па рэгіёнах і населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 200 чалавек. Неабходна зацікавіць усіх суб’ектаў гаспадарання ў абслугоўванні вясковага насельніцтва, стварыць стымулюючыя ўмовы. І ў такога гіганта, як Белкаапсаюз, тут будзе асаблівая роля", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступаюць розныя прапановы па арганізацыі гандлю ў вёсцы - ад перадачы нерэнтабельных магазінаў прыватнікам, гандлёвым сеткам да навядзення жалезнай дысцыпліны ў сістэме Белкаапсаюза, каб яна існавала і працавала. "Калі ўзварухнуць сістэму, навесці парадак з затратамі, змяніць падыходы да арганізацыі гандлю, удасканаліць механізм кіравання, у нас усё атрымаецца", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што работу спажыўкааперацыі ў вёсцы не заменяць ніякія прадпрымальнікі. Напрыклад, недапушчальна, калі ў райцэнтры "на адным пятаку нос у нос труцца адзін аб аднаго" пяць магазінаў, ствараюць канкурэнцыю адзін аднаму, а ў вёску ніхто не едзе. "Або выбіраюць самыя прынадныя маршруты, вакол горада праехацца, зняць вяршкі. Да межаў раёна, дзе 10-20 жыхароў, прыватнік не асабліва рвецца, у лепшым выпадку летам, калі там дачнікі з'ехаліся, - абазначыў праблемныя моманты Аляксандр Лукашэнка. - Давайце дамовімся так: усе рашэнні аб арганізацыі гандлю прымаем зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва. І галоўнай фігурай тут будзе старшыня райвыканкама. Хоча прыватнік працаваць на тых жа сацыяльных умовах і ў сумленнай канкурэнцыі - няхай бярэ пад адказнасць усю тэрыторыю, каб людзі нідзе і ні ў чым не мелі патрэбы".

Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Расіі спажывецкую кааперацыю спачатку загубілі, а цяпер абдумаліся і шукаюць магчымасць адрадзіць. "І што ж? Не можа, ды і не хоча там прыватнік вырашыць усе пытанні! Яму нявыгадна, а церпіць наш просты чалавек. Таму я кожны год падтрымліваю Белкаапсаюз і спрабую ўсяляк разварушыць. Але трэба глядзець і на затраты. Разам з мясцовай уладай падлічыце свае магчымасці, складзіце адпаведны бізнес-план", - даручыў беларускі лідар.

Ён запатрабаваў ад урада, Камітэта дзяржаўнага кантролю ўзяць на асаблівы кантроль усе рашэнні гэтай сустрэчы.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі