13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць пад сур'ёзны кантроль расследаванне акалічнасцей смерці Рамана Бандарэнкі. Аб гэтым ён заявіў сёння ў інтэрв'ю палітычным аглядальнікам Беларусі і замежжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я шчыра спачуваю бацькам. Хачу ім выказаць словы спачування і падтрымкі. Калі чалавек памірае, гэта дрэнна. Тым больш малады чалавек", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цікавіўся, як ідзе расследаванне. "Учора я даручыў старшыні Следчага камітэта, папярэдзіўшы яго, што гэта праблема будзе раскручвацца. Трэба сумленна і аб'ектыўна ўсё расследаваць, - сказаў ён. - А сёння раніцай, паколькі ўсё ж міліцыю пачалі абвінавачваць чарговы раз, я патэлефанаваў генеральнаму пракурору і сказаў: вазьміце пад сур'ёзны кантроль гэту крымінальную справу або расследаванне. Каб не было потым: а, міліцыя сама расследавала, Следчы камітэт... Хоць яны ў нас аддзелены - Следчы камітэт ад міліцыі, але задача Генпракуратуры - узяць гэта пад кантроль".
Прэзідэнт расказаў, як развіваліся падзеі, і падзяліўся, што вядома на сённяшні дзень. "У нас з'явілася практыка, гэта ўжо больш за месяц, у гэтых багатых перш за ўсё кварталах. Яны вывешвалі бела-чырвона-белыя сцягі і стужкі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі гэтыя, як у нас прынята лічыць, калабарацыянісцкія прафашысцкія сцягі. Таму што пад гэтымі сцягамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з гэтымі павязкамі хадзілі паліцаі і людзей расстрэльвалі. Партрэты Гітлера на ўсіх мерапрыемствах, кадры ёсць хронікі, пад гэтымі былі сцягамі. У нас, у краіне, дзе кожны трэці загінуў. Уяўляеце, якое да гэтага стаўленне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"У гэтых дварах адны вывешвалі гэтыя сцягі і гэтыя стужкі, а другія хадзілі і зразалі, хто гэта не прызнае. Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Мінску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужкі вывешваў (на агароджах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - І сваркі былі. Але ў дадзеным выпадку, як мне далажылі, завязалася бойка, прытым сур'ёзная бойка. І нехта (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстуючых патэлефанаваў "карнікам" у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны пад'ехалі, як звычайна, усе разбегліся. А гэты (Раман Бандарэнка. - Заўвага БЕЛТА) ці то траўміраваны быў, ці то што... У нецвярозым стане. Гэта прызнана. Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў п'яны. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. Яму стала дрэнна па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і адправілі яго ў бальніцу".
"Вось як было на самай справе. Я папрасіў расследаваць, каб мы сапраўды не далі падставу нікому зноў разгарнуць вось гэта: насілле, насілле, насілле! А што, уладзе патрэбна было гэта? Ды не, нам гэта не патрэбна. Нам ужо гэта ўсё надакучыла. Я толькі што сказаў: нам трэба і ўборку ўраджаю завяршыць, і накарміць людзей, і эканоміку захаваць. Нам гэта патрэбна, а не вось гэтыя падзеі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"І я ж вам гаварыў, што сакральнай ахвярай хацелі зрабіць Ціханоўскую. Вось гэта было... Але ўдалося гэтага пазбегнуць. І яны пастаянна стараліся недзе нешта знайсці. Вось яны цяпер ірванулі на гэтага хлопца. Я яшчэ раз гавару: шчырыя спачуванні родным і блізкім. Страцілі хлопца, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Цяжкі выпадак, вядома. Няхай адзінкавы, хоць гэта жыццё людзей, так не скажаш. Але я вам павінен у доказ прывесці адзін прыклад. Я спецыяльна за суткі ўзяў статыстыку загінулых: два чалавекі ў ДТЗ загінулі, забойства - адзін чалавек і цяжкія цялесныя (пашкоджанні. - Заўвага БЕЛТА) з наступнай смерцю - адзін чалавек. Скажыце, 2+1+1, акрамя гэтай смерці, - гэта што, не загінулыя людзі? Загінулыя. Ну а чаму пра іх ніхто не гаворыць сёння? А не трэба, гэта нецікава. Пяць чалавек за суткі загінулі. Выбралі аднаго чалавека і пачалі раскручваць".
Учора мне далажылі, і я заўважыў (учора ж яшчэ ён жывы быў, гэты чалавек): пачалі паварочваць у той бок, што яго збілі, я не называю прозвішчы, але людзі, якія бліжэй да Прэзідэнта. Яны ўжо назначылі вінаватых. Гэты бунт нікому не патрэбны. І сакральная гібель людзей таксама нікому не патрэбна. Не толькі мне, але і ім таксама. Гэта ж нечае дзіця", - акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
"Нельга на гібелі людзей рабіць палітыку. Я папрасіў, каб менавіта МУС, паколькі спрабуюць стрэлкі перавесці зноў на гэтых "карнікаў", каб яны звязаліся з бацькамі загінулага і паспрабавалі неяк размаўляць з гэтымі бацькамі, як бы ні было цяжка", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-