Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 снежня 2021, 13:44

Лукашэнка даручыў стварыць у Беларусі банк генетычнага матэрыялу для ЭКА

31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна прадоўжыць актыўнае развіццё рэпрадуктыўных тэхналогій. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На злобу, нядаўна абмяркоўвалі гэту праблему: гавораць, у нас незакончаная гэта сістэма. У нас няма банка. У нас гэта не развіта, давайце мы гэтым зоймемся прынцыпова. Зробім хаця б не горш, чым у Расіі. Гэта жанчыны мне гаварылі літаральна два-тры дні таму, выпадкова: што ў нас гэта значна адстае, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму давайце гэта зробім і зробім вельмі хутка - у першым паўгоддзі будучага года. Прымем усе рашэнні, каб было не горш, чым у самых развітых краінах. Калі мы згадзіліся, што ЭКА быць (не важна, 800 чалавек звярнулася па ЭКА або два чалавекі), давайце развяжам гэта пытанне. Зробім усё, каб жанчына магла нарадзіць".

У выніку прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій у Беларусі штогод нараджаецца каля тысячы дзяцей. Як расказалі кіраўніку дзяржавы, у гэтым годзе ў больш як 800 сямейных пар выканана адна спроба экстракарпаральнага апладнення ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, з іх у "Маці і дзіця" - больш як 500 выкананых ЭКА.

У навукова-практычным цэнтры Аляксандр Лукашэнка наведаў новы корпус клінічнага аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і дырэктар РНПЦ "Маці і дзіця" Сяргей Васільеў далажылі Прэзідэнту аб арганізацыі перынатальнай дапамогі ў краіне і рабоце РНПЦ. Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў у новым корпусе лячэбны блок, у тым ліку аддзяленне, дзе выходжваюць дзяцей вагой ад 500 г.

Рознаўзроўневая сістэма аховы здароўя маці і дзіцяці функцыянуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. У краіне працуюць адзін перынатальны цэнтр IV тэхналагічнага ўзроўню "Маці і дзіця", 17 перынатальных цэнтраў III узроўню (абласны і горада Мінска), 27 перынатальных цэнтраў II узроўню (міжраённыя і горада Мінска), а таксама 64 арганізацыі аховы здароўя, якія адносяцца да I (раённага) узроўню.

Беларусь уваходзіць у лік краін з самымі нізкімі паказчыкамі дзіцячай смяротнасці: 2,6 на 1 тыс. народжаных жывымі ў 2020 годзе. Гэта лепшы паказчык сярод усіх краін СНД і многіх развітых краін свету, уключаючы Вялікабрытанію, Данію, Літву, Польшчу і ЗША.

У Беларусі з 1994 года выходжваюць дзяцей ад 500 г. Выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела на першым годзе жыцця складае больш за 80 працэнтаў. У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Беларусь займае 35-е месца (Расія на 37-й пазіцыі) і размясцілася на 8-м месцы ў рэйтынгу краін з самымі нізкімі паказчыкамі неанатальнай смяротнасці. Мацярынская смяротнасць ад акушэрскіх прычын у Беларусі адна з самых нізкіх у свеце.

Навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця" створаны ў лістападзе 2004 года пасля зліцця некалькіх устаноў. У лістападзе гэтага года тут уведзены ў строй новы корпус клінічнага аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных.

Аддзел уяўляе сабой адзіны комплекс IV тэхналагічнага ўзроўню аказання перынатальнай дапамогі і складаецца з аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей), выязной рэанімацыйна-кансультатыўнай брыгады для нованароджаных дзяцей. На яго базе таксама арганізаваны навучальны трэнінгавы цэнтр для дзеючых дзіцячых урачоў - анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў і медыцынскіх сясцёр, а таксама ёсць лабараторыя экстранных аналізаў і аперацыйны блок для правядзення экстранных аперацыйных умяшанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі