Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 снежня 2022, 11:58

Лукашэнка даручыў разгледзець магчымасць выкупу арэнднага жылля ваеннаслужачымі

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець магчымасць выкупу арэнднага жылля ваеннаслужачымі. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў на нарадзе па пытаннях забеспячэння жыллём ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаіць больш за 33 тыс. тых, хто носіць пагоны. Як адзначыў Прэзідэнт, урад прапануе для вырашэння пытання перш за ўсё арэнднае жыллё. "Наяўнасць такіх службовых кватэр не толькі стымулюе да прадаўжэння кантрактаў, але і дае магчымасць для ратацыі кадраў, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Ваенныя ж часта пераязджаюць у сувязі з новым месцам службы. Арэндная плата за такія квадратныя метры ўжо сёння ўстаноўлена з паніжаючым каэфіцыентам. Так павінна быць і далей. Гэта правільна. Але людзям трэба даць цвёрдую ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні".

Кіраўнік дзяржавы даручыў на заканадаўчым узроўні разгледзець магчымасць у тым ліку выкупу арэнднага жылля ва ўласнасць, дакладна прапісаўшы ўмовы для гэтага. "Служыш - жыві, адслужыў патрэбную колькасць гадоў, дапусцім, 25 належных гадоў, - дзяржава павінна загадзя сказаць: мы гэтаму чалавеку пасля 25 гадоў (калі ён пакідае службу, звальняецца ў запас або па яшчэ нейкіх аб'ектыўных прычынах) бясплатна аддаём гэту кватэру, жыллё або ён 3 працэнты павінен заплаціць, або па астаткавым кошце? Думаю, што нам трэба ісці на гэта радыкальна", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што служба ваенных можа быць звязана з рызыкай для жыцця, таму чалавек, які выбірае такую прафесію, павінен быць упэўнены, што ў выпадку чаго яго дзеці, жонка, сям'я, бацькі застануцца ў кватэры або ў доме, у іх будзе дах над галавой. "Гэта непарадак, калі ваенны чалавек аддае сябе краіне і невядома, што з ім будзе заўтра, блукае па горадзе або па краіне ў пошуках нейкага вугла для жыцця, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Ваеннаслужачыя павінны быць упэўнены, што пасля заканчэння службы яны будуць забяспечаны жыллём". Разам з тым пры вырашэнні жыллёвага пытання за кошт бюджэту трэба зыходзіць з эканамічных магчымасцей дзяржавы, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з будаўніцтвам новых арэндных дамоў на нарадзе абмяркоўваліся і іншыя напрамкі па паляпшэнні сітуацыі з забеспячэннем жыллём ваеннаслужачых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі