Сцяг Чацвер, 22 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 снежня 2022, 12:27

Лукашэнка даручыў пры неабходнасці прадастаўляць ІТ-сектарам прадпрыемстваў умовы працы, як у ПВТ

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў пры неабходнасці прадастаўляць ІТ-сектарам прадпрыемстваў умовы працы як у Парку высокіх тэхналогій. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 12 снежня, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Аляксандра Батвінніка, кандыдатура якога ўзгоднена на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод". Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе першага намесніка генеральнага дырэктара БЕЛАЗа, дзе курыраваў сферу стратэгічнага развіцця, інавацыйнай дзейнасці і інфармацыйных тэхналогій.

"Існуе меркаванне, што IT-парк адыграў станоўчую ролю ў развіцці інфармацыйных тэхналогій у краіне. Але сёння любое прадпрыемства, Акадэмія навук, установы адукацыі маюць дастатковыя кампетэнцыі ў інфармацыйных тэхналогіях. І калі не дай бог нешта здарыцца з IT-паркам, то наш рэальны сектар, сацыяльная сфера абыдуцца без яго, развіваючы ўласныя інфармацыйныя тэхналогіі. Як ставіцеся да такога пункту гледжання і наколькі інфармацыйныя тэхналогіі развіты сёння, дапусцім, у прамысловасці?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Батвіннік на прыкладзе работы БЕЛАЗа далажыў, што ўсё праграмнае забеспячэнне і софт з'яўляюцца ўласнымі распрацоўкамі. "Мы не прыцягвалі ніякіх спецыялістаў, кампаній для распрацоўкі гэтага праграмнага забеспячэння, захаваўшы тым самым сваю інфармацыйную бяспеку. Таксама Беларускі аўтамабільны завод разглядае пытанне стварэння ў 2023-2024 гадах уласнай кампаніі - рэзідэнта ПВТ для атрымання адпаведных падатковых ільгот. Але ў выпадку, калі Парк высокіх тэхналогій не будзе існаваць, то ўсе неабходныя распрацоўкі мы можам выконваць уласнымі сіламі", - сказаў ён.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў разгледзець пытанне, каб неабходныя льготы і ўмовы працы прадастаўляліся ІТ-сектарам прадпрыемстваў без уваходжання ў ПВТ. "Наша задача, Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага БЕЛТА), перадайце ўраду, не трэба іх цягнуць у Парк высокіх тэхналогій. Дзеля толькі льгот? Дык мы ім можам прадаставіць адпаведныя льготы, якія можам сёння і якія існуюць у ПВТ. Навошта вам там рэгістравацца, цягнуць туды сваіх спецыялістаў або проста зарэгістравацца, а існаваць на плошчах БЕЛАЗа... Няма такой неабходнасці. Гэта нікому не патрэбная практыка. Няхай яны там - у гэтым катле белазаўскім, напрыклад, ці мазаўскім, ці МТЗ варацца. А мы ім па IT-распрацоўках прадаставім адпаведныя льготы", - сказаў беларускі лідар.

"Варыянт магчымы?" - удакладніў ён у Аляксандра Батвінніка.

"Так", - адказаў той.

"Гэта значыць, Парк высокіх тэхналогій усё ж такі нейкі штуршок даў развіццю гэтага напрамку ў Беларусі, асабліва ў падрыхтоўцы кадраў і гэтак далей. Але абысціся (без яго. - Заўвага БЕЛТА) мы можам", - сказаў Прэзідэнт. Ён спытаў у Аляксандра Батвінніка, які, на яго думку, асноўны недахоп ПВТ, які трэба выправіць у першачарговым парадку. "Стварэнне прадуктовых лінеек, - адказаў спецыяліст. - Мы доўга вывучалі пытанне ўзаемадзеяння з ПВТ, неаднаразова з імі сустракаліся, але, на жаль, рэзідэнты ў асноўным былі нацэлены не на стварэнне прадуктаў у Рэспубліцы Беларусь". Між тым менавіта стварэнне паўнацэннага гатовага прадукту, які ў далейшым будзе запатрабаваны як унутры краіны, так і мець дастаткова высокі экспартны патэнцыял, дае вялікую маржынальнасць, перакананы Аляксандр Батвіннік.

Іншымі словамі, рэзідэнты парка займаліся стварэннем праграмнага забеспячэння для нейкай умоўнай замежнай "матаролы", пагарджаючы аналагічнымі праектамі на ўнутраным рынку. "Ён (ПВТ, а дакладней, яго кампаніі-рэзідэнты. - Заўвага БЕЛТА) быў падраднай арганізацыяй, якая ўдзельнічала ў стварэнні. Гэта значыць, у яго не было выніковага тэхнічнага задання і ён не з'яўляўся ўладальнікам выніковага праграмнага прадукту", - удакладніў спецыяліст.

На прыкладзе БЕЛАЗа ён растлумачыў, што сучасны кар'ерны самазвал - складаны праграмна-апаратны комплекс. Рухавік, сістэма кіравання і вялікая колькасць датчыкаў, электронных кампанентаў кіруюцца праграмным забеспячэннем, устаноўленым на борце машыны.

"Калі мы цяпер перад тымі рэзідэнтамі ПВТ, якія існуюць і якія прыйдуць, на перспектыву паставім жорсткую задачу: не толькі вы там на падрадзе і не столькі на падрадзе, але гатовы прадукт стварыце, тады мы з вамі і будзем размаўляць. Гэта значыць, паставіць ім дэталёвую задачу - зрабіць прадуктовым, скажам так, Парк высокіх тэхналогій. Гэта правільная будзе перад імі задача ці яны не будуць вырашаць гэта, гэта ім не цікава?" - задаў пытанне спецыялісту Аляксандр Лукашэнка.

"Яны будуць здольныя гэта зрабіць", - адказаў Аляксандр Батвіннік. Ён лічыць, што кампаніі ПВТ могуць ствараць прадукт як для ўнутранага спажывання, так і на экспарт.

Прэзідэнт асобна пацікавіўся кадравым патэнцыялам БЕЛАЗа ў галіне IT. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што цяпер на прадпрыемстве працуюць амаль 120-130 чалавек, уключаючы канструктараў, якія ўдзельнічаюць у распрацоўках. Як адзначыў Аляксандр Батвіннік, у далейшым БЕЛАЗ мае намер ствараць новыя інавацыйныя напрамкі ў частцы вытворчасці электрапрывода і іншых электронных кампанентаў. За кошт іх прадпрыемства зможа павялічыць маржынальнасць. "Гэта значыць, валодаючы гэтым, мы зможам больш правільна кіраваць сабекоштам кар'ернага самазвала і тым самым уплываць на сэрца работы кар'ернага самазвала - сістэмы кіравання", - сказаў спецыяліст.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі