Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2021, 13:57

Лукашэнка даручыў паклапаціцца аб бежанцах на граніцы, у першую чаргу аб цяжарных і дзецях

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова звярнуць увагу на пытанні дапамогі бежанцам на граніцы, асабліва цяжарным і дзецям. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У тым ліку кіраўнік дзяржавы даручыў падвезці бежанцам сухіх дроў.

"Вы бачыце, што адбываецца на дзяржаўнай граніцы і вакол яе. Скажу адкрыта: не такая гэта вялікая праблема, як яе цяпер раздулі ў СМІ. Але я СМІ не асуджаю. Таму што гэта мае моцны папераджальны характар. Цяпер звярнулі ўвагу на Беларусь. Але такіх маршрутаў 3-5 у свеце, па якіх ідуць мільёны тых, хто бяжыць ад вайны. Вось сканцэнтравалі цяпер увагу на беларуска-польскай, літоўскай і латышскай граніцах. І ўжо ўвагу пачынаюць удзяляць і беларуска-ўкраінскай граніцы. Яна таксама непакоіць і мяне. Напэўна, і Расію", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таму не такая гэта, падкрэсліваю, праблема, як яе сёння раздулі. Але раздулі правільна ў СМІ, каб папярэдзіць на будучае, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Малайцы журналісты, што паказваюць сапраўднае аблічча гэтай дэмакратыі. Нарэшце і вы, прысутныя тут, і асабліва наша грамадства і іншыя зразумеюць, што ж гэта за дэмакратыя і правы чалавека, свабода слова там на Захадзе, да якой нас увесь час штурхалі".

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад урадам шэраг задач. Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, ён сказаў: "Даручыце ва ўрадзе, я думаю, і Мінадукацыі, і віцэ-прэм'ер адпаведны па сацыялцы. Трэба звярнуць увагу на цяжарных жанчын і дзяцей. Поўная катастрофа. Вельмі шмат жанчын цяжарных на 8-9-м месяцах. Мы нікуды не дзенемся. Яны, напэўна, будуць нараджаць у нас. Адыходзіць яны з гэтага лагера, дзе знаходзяцца цяпер, не хочуць: "Мы застанёмся тут!". Але як тут?! Мы ж ведаем, якая халадрыга надыходзіць. Яны і не ведаюць, што такое ў Беларусі ў лясах гэтых зімаваць. Але адыходзіць адтуль не жадаюць. Таму трэба паглядзець".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым таксама звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: "Вы неяк падключыліся з жанчынамі. Паглядзіце. Можа, папрасіць іх, каб яны або аддалі нам дзяцей. Мы іх размясцілі б у санаторыі. А недзе, можа, і з маці. Цяжарныя жанчыны і дзеці - пытанне нумар адзін. Нельга іх кідаць. Асабліва дзяцей. Мы хоць бы іх там у душ адвялі, памылі і накармілі".

"Ну а цяжарныя жанчыны... Прыйдзе тэрмін нараджаць, вядома, у бальніцу будзем вывозіць і абслугоўваць далей", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў падвезці мігрантам сухіх дроў. "Трэба прывезці ім туды і скласці. Нікуды не дзенешся. Адыходзіць адтуль не хочуць. Мы ім прапанавалі пайсці адтуль", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што на сённяшнюю раніцу ў лагеры знаходзілася 1790 чалавек і 322 з польскага боку, якіх палякі ноччу спрабавалі выпхнуць на беларускую тэрыторыю. "Але не атрымалася. Яны не хочуць адтуль ісці. І вось 322 чалавекі сядзяць там на гэтай граніцы. Гэта нічога, яны там разбяруцца. Але вось гэтыя 1790 чалавек, якія ў асноўным у лагеры ў раёне "Брузгі", - трэба падвезці ім дровы", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама даў даручэнне МЗС - у ААН і іншых міжнародных структурах вельмі жорстка ўздымаць адпаведныя пытанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі